Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей захоўвае і перадае маладому пакаленню тэхналогію шэрстабітна-валяльнага промысла

Гістарычна склалася так, што ў Дрыбінскім рэгіёне яшчэ з 18 стагоддзя асноўным промыслам быў шэрстабітна-валяльны. Валёнкі, якія вырабляліся майстрамі-шапаваламі з натуральнай воўны, не толькі выратоўвавалі ад суровых маразоў, але і мелі лекавыя якасці. Дрыбінскія шапавалы былі добра вядомы па-за межамі краю, мелі нават сваю мову “Катрушніцкі лемезень” – спецыяльную лексіку, якой карысталіся, каб не выдаць прафесійныя сакрэты і таемна абмяркоўваць заказчыка.
Зразумела, што любы від народных промыслаў не адыдзе ў нябыт толькі ў тым выпадку, калі ў яго будуць паслядоўнікі. Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей з’яўляецца навукова-даследчай установай культуры, таму для супрацоўнікаў музея адной з задач стаіць захаваць і перадаць маладому пакаленню тэхналогію шэрстабітна-валяльнага промысла. Для гэтай мэты была распрацавана музейна-адукацыйная праграма для дзяцей “У госці да дзеда Мацея” і ў 2009 годзе створаны дзіцячы калектыў “Катрушнік”. У 2014 годзе дзіцячаму аматарскаму аб’яднанню “Катрушнік” было прысвоена званне “узорны”. Менавіта пра гэты калектыў пойдзе сёння гаворка.
Удзельнікі аб’яднання – дзеці школьнага ўзросту – асвойваюць тэхніку сухога і мокрага валяння, вывучаюць гісторыю ўзнікнення і развіцця шапавальства на Дрыбіншчыне, вырабляюць сувенірныя валёнкі, розныя цацкі і пацеркі з воўны, упрыгожваюць валёнкі, што спрыяе развіццю творчых здольнасцей дзяцей, фарміраванню эстэтычнага густа, выхаванню пачуцця патрыятызма, вызначэнню гістарычнага месца малой радзімы сярод іншых народаў.
Члены ўзорнага дзіцячага аматарскага аб’яднання “Катрушнік” – актыўныя ўдзельнікі раённых, абласных фестываляў, аглядаў, выставак-кірмашоў народнага мастацтва. Двойчы дзіцячы калектыў удзельнічаў у Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Заняткі падзелены на практычныя і тэарэтычныя, індывідуальныя і групавыя. Яны праходзяць два разы на тыдзень. Склад калектыву перыядычна аднаўляецца, прыходзяць новыя ўдзельнікі. У нашым аб’яднанні займаюцца як дзяўчынкі, так і хлапчукі. Дзеці ўжо даволі прафесійна асвоілі тэхніку фільцэвання, валодаюць многімі выразамі на мове шапавалаў. Дзяўчынкі аддаюць перавагу ўпрыгожванню валёнак: робяць эскізы малюнкаў для вырабаў, потым расшываюць іх рознакаляровымі стразамі, бісерам, набіваюць з каляровай воўны з дапамогай іголак. Увесь працэс упрыгожвання вельмі складаны, патрабуе цярпення, дысцыпліны, але якой радасцю напаўняюцца вочы ўдзельнікаў на прыканцы сваёй працы! Адзін раз на месяц праводзяцца сумесныя пасяджэнні юных “катрушнікаў” з майстрамі народнага аматарскага аб’яднання “Шапавал”, якое таксама дзейнічае пры раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Такія сустрэчы носяць абучаючы, практычны характар: многім рэчам можна яшчэ навучыцца ў майстра-шапавала.
Безумоўна, цікавасць і попыт да творчасці шапавалаў і іх вырабаў узрастае з кожным годам. Сёння патрабаванні сучасных спажыўцоў да валеных вырабаў адрозніваюцца ад колішніх: людзі жадаюць мець не проста цёплыя валёнкі, а прыгожы, стыльны, нават эксклюзіўны абутак, а сувеніры і ўпрыгожванні з воўны, зробленыя ў музеі, даўно ўжо вядомы за межамі Дрыбіншчыны.
Стварэнне і праца дзіцячага ўзорнага аб’яднання “Катрушнік” вельмі патрэбна. З поўнай адказнасцю можна гаварыць пра пераемнасць народных традыцый, гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што рамяство шапавальства жыццяздольнае і мае сваіх прыхільнікаў і паслядоўнікаў сярод маладога пакалення, шапавальства жыве і развіваецца, захоўваецца як каштоўная спадчына.
Супрацоўнікі раённага гісторыка-этнаграфічнага музея запрашаюць жыхароў Дрыбіна і гасцей раёна наведаць нашу экспазіцыю, а дзяцей стаць новымі ўдзельнікамі аб’яднання “Катрушнік”. Трэба ведаць і захоўваць свае традыцыі.
Іна Фанарыкава, кіраўнік узорнага дзіцячага аматарскага аб’яднання “Катрушнік”