Темы

Святло незгасальнай надзеі (Заснавана на рэальных падзеях)

Святло  незгасальнай надзеі (Заснавана на рэальных падзеях)

Дрыбінская раённая бібліятэка пры падтрымцы раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» і аддзела
ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выступілі арганізатарамі правядзення
літаратурна-патрыятычнага конкурсу «Наша слова пра Беларусь», прымеркаванага да Года народнага адзінства. 30 чэрвеня былі падведзеныя вынікі конкурсу, а на ўрачыстым мерапрыемстве 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — былі аб’яўлены пераможцы. У конкурсе прынялі ўдзел як вядомыя на дрыбінскай зямлі аўтары, так і маладыя. Усяго было прадстаўлена 37 работ ад 12 удзельнікаў. Журы
вызначыла пераможцаў, уручыўшы Дыпломы I ступені і падарункі ад РА РГА «Белая Русь» лепшым аўтарам
конкурсу ў сваёй узроставай катэгорыі. Раней мы друкавалі конкурсныя працы пераможцаў. У сённяшнім нумары газеты мы прадстаўляем чытачам расповед нашай зямлячкі Святланы Ластачкінай.

З успамінаў Рэбавай Марыі Піліпаўны, якая жыла ў час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Цёмны Лес Дрыбінскага раёна: «Калі пачалася вайна, мне было сямнаццаць год. … У нашай вёсцы ўся моладзь хадзіла на чыгуначную станцыю сустракаць і праводзіць цягнікі. … У той дзень ішло два цягнікі: адзін – на Крычаў, другі – на Оршу. … З цягніка, дакладна не памятаю з якога, выйшла жанчына са ўскудлачанымі валасамі і з’ехаўшай набок хусткай. Яна закрычала: «Вайна! Вайна! ». Тады мы не зразумелі, якая вайна і з кім. І толькі назаўтра па радыё аб’явілі, што пачалася вайна. … Хутка над вёскаю закружылі самалёты і пачалі бамбаваць …».

 

Ля самага перакрыжавання спыніўся рэйсавы аўтобус. Тут не было ніякіх апазнавальных знакаў, толькі палявая дарога, месцамі парослая палыном, вяла кудысьці за гарызонт. З аўтобуса сыйшоў адзін пасажыр, закінуў за спіну заплечнік і, махнуўшы рукой кіроўцу, нетаропка пайшоў па земляных выбоінах дарогі. Гэта быў мужчына гадоў сямідзесяці, станісты, чыста паголены, у гарадской вопратцы, у клятчастых нагавіцах і да бляску начышчаным абутку. На першы погляд ён нічым не адрозніваўся ад гараджаніна, але паходка ўсё ж выдавала ў ім сялянскую натуру. «Мне ўжо нічога не страшна, — разважаў Максім Нічыпаравіч, крочачы па наперад. — Я дажыў да таго моманту, калі, прачынаючыся зранку, болей не можаш стуліць вачэй у чаканні салодкай ранішняй дрымоты; калі сон сам па сабе здаецца звычайным марнаваннем часу; калі, прачынаючыся, наперад ведаеш аб усіх будучых падзеях. Дажыў і да таго дня, калі моладзь цябе ўжо не ўспрымае як свайго аднагодка, а старыя смяюцца над тваёй маладжавай знешнасцю; калі душа ірвецца ў палёт, а лятаць з табою ўжо ніхто не збіраецца; калі хочацца бегаць і скакаць ад радасці, гарэзаваць пад першым снегам ці праліўным дажджом, але ў табе ўжо няма таго фізічнага задору, з якім можна гэта рабіць. … Ты шчыра цешышся поспехам людзей і таксама шчыра зайздросціш іх перамогам, ты хваліш іншых, але з такой жа стараннасцю асуджаеш свой час, які не падказаў правільны шлях. … Мне пашанцавала. … Многiя мае аднагодкі палеглі тут, у гэтай зямлі, яны так і засталіся юнакамі, не спазнаўшай асалоды жыцця …».

Гістарычная хроніка: «Да пачатку аперацыі «Баграціён» войскі фронта ўтрымлівалі сташэсцідзесяцікіламетровую мяжу Баева, Дрыбін, Расна, Каменка, Прылессе.
Бліжэйшая задача войскаў заключалася ў нанясенні ўдару сіламі адзінаццатай і дванаццатай дывізій з раёна Дрыбін, Дедня, Расна, у прарыве абароны праціўніка і выхадзе на раку Днепр, захапіўшы плацдармы на яе правым беразе.
Дваццаць дзевятага верасня 1943-га года былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наваколлі вёскі Цёмны Лес. Аднак ва ўсю яшчэ ішла вайна. Фронт стаяў усяго ў дзевяці кіламетрах ад Цёмнага Лесу — у Дрыбіне на рацэ Проня. Станцыя Цёмны Лес была занята байцамі дзвесьце дваццаць сёмай стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад сорак дзявятай арміі. Фронту патрэбна была дапамога. У гэты час чыгуначная станцыя набыла стратэгічнае значэнне. Аднавілі рух цягнікоў на ўчастках Крычаў — Унеча, Крычаў – Чавусы, Крычаў – Цёмны Лес. Гэтыя шляхі на некаторы час сталі галоўнымі шляхамі забеспячэння беларускага фронта. Другога кастрычніка 1943-га года ў выніку паспяховага ажыццяўлення першага этапу аперацыі «Баграціён» быў вызвалены Дрыбін. А на тэрыторыі раёна па рэках Быстрая, Проня, Бася яшчэ дзевяць месяцаў стаяў фронт.
Цалкам Дрыбінскі раён быў вызвалены толькі ў 1944-м годзе» .

Наперадзе віднеўся яр. Ён акаймоўваў калісьці квітнеючую вёску, напоўненую звонкімі дзіцячымі галасамі. На самым яго схіле, ўхапіўшы карэннямі глебу, самотна схіляла галіны старая асіна.
Дайшоўшы да абрыву, мужчына спыніўся. Прыхінуўся плячом да асіны і, журботна акінуўшы поглядам шырокія прасторы родных мясцін, засмучана ўздыхнуў. Да горла падкаціў горкі ўдушны ком, і ўспаміны, якія доўгі час драмалі ў ягонай памяці, нахлынулі суцэльнай плынню.
* * *

Гістарычная хроніка: «Вясной 1944-га года пачалася падрыхтоўка да другога этапа аперацыі «Баграціён». Да гэтага часу на 2-м Беларускім фронце было сканцэнтравана дзесяць стралковых дывізій. Іх падтрымлівалі больш за дзве тысячы гармат і мінамётаў, трыста сорак тры рэактыўныя ўстаноўкі. Дзеянні стралковых злучэнняў сорак дзевятай арміі падтрымлівалі дзвесце пяцьдзесят тры танка. Уся тэхніка была забяспечана запасам паліва і снарадаў.
Пры падрыхтоўцы Магілёўскай наступальнай аперацыі Стаўкай Вярхоўнага камандавання ў Дрыбінскім і суседніх раёнах была сканцэнтравана вялікая колькасць войскаў і тэхнікі, самалётаў, танкаў, самаходнай артылерыі. З гэтай сілай сорак дзевятай арміі пад камандаваннем Грышына ўдалося фарсіраваць Проню, Басю і Рэсту, а пазней і Днепр.
Уначы з дваццаць трэцяга на дваццаць чацвёртае чэрвеня 1944 года начная бамбардзіровачная авіяцыя 4-й паветранай арміі ажыццявіла бамбардзіроўку нямецкіх пазіцый і тэхнікі ў тактычнай глыбіні, а перад світаннем быў нанесены магутны бомбавы ўдар па пярэднім краі абароны праціўніка».

Ноч выдалася апантанай … Адзін за другім наляталі варожыя самалёты. Пралятаючы над хатамі, яны выдавалі дзікі роў, ад якога ашалела калацілася сэрца. І тут жа, нібы за спіною, раздаваліся грукаты выбухаў, ад якіх стомлена, раз за разам, скаланалася зямля.
Па хаце ў жаху мітусілася авечка. Яе жаласнае бляяньне прабірала душу да дрыготкі. Кідаючыся ў розныя бакі, яна шукала прытулак ад барвовага зарыва, мігацеўшага за вокнамі.
— Не бойся, сынку, — сказала маці, моцна тулячы сваё дзіця да грудзей, — яны неўзабаве знікнуць.
— А што адбудзецца, калі бомба ўпадзе наўпрост на нас? — спалохана запытаўся Максімка. Маці пяшчотна пацалавала сына ў кудлатую макушка галовы і ціха адказала:
— Пад печчу нам нічога нястрашна. Яе твой тата склаў, а ён у вёсцы быў знакамітым майстрам — будаваў на стагоддзi. … Вось вернецца з фронту… — уздыхнула яна і, нібы баючыся наклікаць бяду, змоўкла.
Знянацку, нібы над самай галавою, пачуўся рэжучы слых свіст, затым раздаўся ўдар і прыглушаны хлапок. У той жа момант вокны хаты запарушыла зямлёю, дзесьці поруч пачуўся звон разбітага шкла, і адразу ж у хату павеяла начной прахалодай.
— Вось акаянны, — здрыганулася жанчына, — каб табе ліха ў рабрыну.
Максімка ўхапіўся за матчыну руку і моцна сціснуў яе ў сваёй худзенькай далоні. Моўчкі ўсхліпнуўшы, жанчына клапатліва ахінула сваё дзіця старой коўдраю і пяшчотна прашаптала:
— Паспі, неўзабаве настане світанак. Будзем важдацца па гаспадарцы, паправім вакно, — цяжка ўздыхнула яна, — паглядзім, можа што-небудзь ды і засталося цэлае.
Сціскаючы ў далоні матчыну руку, Максімка нахіліў галаву ёй на грудзі і салодка засоп.
Вандроўны гул паступова заціх. Дзесьці ўдалячыні пачуліся ўдары грому, раптоўна разбушаваўся вецер, ад чаго шалёна задрыжэў ацалелы аскепак ваконнай шыбы. Праз нейкі час хату запоўніла начная волкасць. Хутка зашумеў праліўны дождж.
Хлопчык прачнуўся ад моцнага выбуху, што прагрымеў дзесьці непадалёк. Матулі побач не было. Спалохаўшыся, Максімка імгненна накіраваўся да вузкага пячнога праёма, вядучага ў хату. У хаце таксама нікога не было, і толькі аскепак шкла, які стомлена дрыжаў ад ветру, церабіў старыя фіранкі.
— Матуля! — адчайна ўзвыў хлапчук і тут жа кінуўся да дзвярэй.
Страх, нейкі непераадольны адчай і жах страты авалодалі дзіцячай душою. Гэтыя некалькі хвілін здаліся хлапчуку самым доўгім чаканнем. На двары ён заўважыў дзьвюх жанчын. Цяжка дыхаючы, яны закопвалі варонку ад начнога бамбавання. Падбегшы да маці, хлапчук прытуліўся да яе і задрыжаў. Стомленая жанчына абняла сына, змахнула з ілба пот і, нічога не кажучы, працягнула свайму несмышлёнышу рыдлёўку. Ёй было каля трыццаці гадоў, але паніклыя вочы, маршчыністы твар з выступаючымі скуламі і згорбленая спіна выдавалі ў ёй жанчыну значна старэйшага ўзросту.
— Світае, — ціха мовіла Нікадзімаўна. — Трэба скаціну выводзіць.
Раптам рыпнула брамка, з-за якой адразу ж з’явіўся суседскі хлапчук Паўлік.
— Цётка Маша, — паспешна сказаў ён. — Выбух чулі?
— А як жа, чулі, — спакойна адказала гаспадыня яму.
— Дык вось, — пераводзячы подых, прадоўжыў гарэза, — кажуць, на лясным узлеску зваліўся самалёт. Я там не быў, але чуў гэта ад дзеда Пахома. Гайда ў лес! — крыкнуў непаседа і пацягнуў за руку Максімку.
— Пачакай, — спыніла яго Нікадзімаўна, выхапіўшы з яго ўчэпістых рук Максімку. — Тамака і без нас знойдуцца цікаўныя, і ты не хадзі — забіць могуць.
Не надаючы значэння папярэджанням, Паўлік спрытна пераскочыў цераз плот і даволі хутка знік у хмызах ляшчыны. Услед за ім, спрабуючы апярэдзіць дзіцячую неразважлівасць, памчалася Марыя. Не ўтрымаўся ад спакусы і Максімка. Схітраваўшы, хлапчук вырваўся з рук разгубленай бабулі і ўмомант апынуўся за плятнём пад галінамі ляшчынніка.
Хата Марыі стаяла ля самага лесу. Часцяком у пошуках ежы забрыдалі сюды дзікія жывёлы, начамі чулася ваўчынае выццё, улетку разліваліся па ўсім наваколлі птушыныя спевы, а ўзімку на снежным покрыве і без таго лёгка адгадвалася гісторыя лесу. Усё гэта было, але сёння, менавіта гэтай раніцай, з леса чулася толькі шапаценне лісця.
Імкліва прабіраючыся скрозь буралом, які застаўся пасля бамбёжкі, Максімка вышукваў вачыма сваю маці. У роспачы, хлапчук набраў поўныя лёгкія паветра і ўжо збіраўся крыкнуць, як раптам аднекуль з боку пачуўся выразны чалавечы стогн. Спалохаўшыся, Максімка імгненна азірнуўся і адразу ж сустрэўся вачыма з распластаным на зямлі чалавекам.
— Гэй, малец, — прастагнаў мужчына ў чорным камбінезоне, — немцы ў вёсцы ёсць?
— Няма, — разгублена адказаў хлопчык.
— А ты з кім жывеш?
— З матуляй, — ледзь чутна вымавіў Максімка і адразу ж упэўнена дадаў: — Яна тут, недзе ў лесе, я яе шукаю.
Скорчыўшыся ад болю, мужчына падцягнуў пад сябе калена левай нагі і, крэкчучы, прамовіў:
— Ты малайчына, маці трэба абавязкова знайсці, — пахваліў ён дзіцячую наіўнасць і асцярожна, каб не спудзіць, як бы між іншым дадаў: — Ты, калі матулю сваю знойдзеш, прывядзі яе сюды, да мяне, я для вас тут нешта цікаўнае прызапасіў, трэба маці тваёй гэта аддаць.
— Ага, я ў момант! — радасна выгукнуў Максімка i тут жа знiк у кроне ляжалай бярозы.
Убачыўшы маці, хлопчык з захапленнем паведаміў ёй аб знаходцы і прыспешыў яе забраць нешта сакрэтнае ў гэтага чалавека. Не раздумваючы, Марыя накіравалася следам за сынам. Падышоўшы бліжэй, Марыя ўбачыла мужчыну, які мінаў крывёй.
— Сястрычка, дапамажы, – задыхаючыся, прамармытаў ён. — Я ў даўгу не застануся.
Погляд хлопчыка спыніўся на прасякнутай крывёю бярозавай кары. Максімка раптоўна пабляднеў, яму ўспомніўся восеньскі выпадак, калі, злазячы з яблыні, ён параніў сабе руку і як яму было балюча.
— Памажы, сынок, — аклікнула яго маці і, не надаючы значэння яго спалоханным вачам, узваліла на свае кволыя плечы параненага лётчыка.
Шлях да хаты пралягаў скрозь лясны буралом. Максімка бег наперадзе, ачышчаючы праход ад грувасткіх галінак і крадком азіраючыся на зьнямоглую маці, узгадваў бацькаў наказ: «Цяпер ты, сынок, застаешся за гаспадара, табе і за маці адказваць, і за свае ўчынкі давядзецца трымаць адказ!».
Увечары таго ж дня ў іх дом уварваўся Ігнат. Мінулай восенню яго камісавалі з войска, і цяпер ён, як і некаторыя іншыя, якіх не прызвалі на фронт, мог папросту зайсці ў любую хату і чым-небудзь там пажывіцца. Убачыўшы на сцяне бацькаў кажух, трыццацігадовы мужчына сарваў яго разам з гаплікам, страсянуў перад сабой і, насміхаючыся над безабароннай жанчынаю, цынічна ацаніў памер:
— Як па мне шыты, — насміхаючыся, вымавіў ён. — Добра падыйдзе!
Марыя, учапіўшыся ў кажух, з усяе моцы тузанула яго на сябе.
— Не аддам! – крыкнула яна, з нянавісцю гледзячы ў вочы марадзёра. — У чым я буду хадзіць? У мяне іншае адзёжы няма!
На крык маці падбег Максімка і, ухапіўшыся за палу кажуха, пачаў ёй дапамагаць. Мужчына з сілаю штурхнуў хлапчука ў грудзі. Адляцеўшы да супрацьлеглай сцяны, Максімка балюча стукнуўся аб лаўку і тут жа застагнаў ад болю.
— Прыстрэлю! — закрычаў былы франтавік. — Табе не жыць, і шчанюку твайму, калі не адпусціш.
Марыя адступіла.
У апошнія месяцы ніякія законы ў вёсцы не выконваліся. Цураліся адзін аднаго нават суседзі, ніхто ні ў каго нічога не пытаўся, не хадзілі ў госці па вечарах і ўвогуле намагаліся памоўчваць. З надыходам безуладдзя верхаводзіў той, у каго была хоць нейкая зброя.
На працягу дзьвух сутак Марыя не адыходзіла ад параненага лётчыка. Першым памочнікам быў, зразумела, Максімка. Часам да іх заходзіла Нікадзімаўна. Цяпер бабка засталася адна, сыноў забралі ў войска — старэйшага ў першыя дні вайны, двух малодшых — праз год, нявесткамі яшчэ не абзавялася, ды і дзед не стаў чакаць вяртання сыноў — летась памёр, так і не дачакаўшыся ўнукаў. Цяпер яна, гаротная, наведвалася да Марыі і, размаўляючы з Максімкай, з трымценнем клапацілася аб хлопчыку.
— Штосьці вас не чуваць?! — усклікнула бабка з парога. — І да мяне перасталі наведвацца!
— Ой, вымучыліся мы, — адгукнулася Марыя, прыкрываючы параненага мужчыну. — Начамі моцна трызніць, крычыць, усё кагосьці кліча. … Баюся я, не дай бог памрэ.
— Ты, Марыя, не дуры, — гнеўна сказала Нікадзімаўна, — хаваць яго трэба. Не дай Гасподзь, немцы прыйдуць, ды і свае, тутэйшыя, раззлаваныя ўсё, здадуць, і хлопчыка твайго не пашкадуюць. … А памерці мы яму не дадзiм, — памаўчаўшы, дадала яна, — травамі ды адварамі ўмомант яго на ногі паставім. … У мяне гэтага дабра хапае, усе сені абвешаны.
За вакном мільганула чалавечая постаць. Па ёй лёгка пазнаваўся суседскі хлапчук — Паўлік.
— Цётка Марыя! — крыкнуў ён з парога. — У нас слівы паспелі! Мамка кліча Максіма да нашых сліў.
Марыя паглядзела на свайго сына і, усміхнуўшыся, дазволіла паласавацца суседскімі слівамі. Хлапчукі адразу ж навыперадкі памчаліся ў суседскі агарод. Вярнуўшыся, Максімка распавёў маці аб мудрагелістых металічных скрынках з даўгімі трубкамі наперадзе, якія, уздымаючы прыдарожны пыл, з гулам заехалі ў вёску з другога боку. У наступную хвіліну за шторкой прычулася валтузня, і адразу ж пачуўся ўсхваляваны голас:
— Сястрычка, паспяшайцеся, схавай мяне.
Не раздумваючы, Марыя адшморгнула фіранку і, падхапіўшы мужчыну, які к таму часу прыўзняўся з ложка, пакрочыла з імі да лазу пад печ.
— Хлапчука схавай разам са мной, — прастагнаў мужчына, ледзьве праціскваючыся ў вузкі печкавы праём. — Сама прыкінься хворай — не крануць.
Рэшту дня Максімка прасядзеў падпеччы разам з параненым лётчыкам. Печкавая духата уходала абаіх: па твары струменіўся пот, увесь час хацелася піць, ад абезрухоўванасці зацякалі ногі. Ля самага выхаду жаласліва бляяла авечка. Яе наўмысна прывязала Марыя, захіляючы печкавы лаз сенам і начоўкамі з вадою. Побач стаяў кошык з яблыкамі і морквай, як бы для авечкі. Час ад часу ў кошык з гароднінай і садавінай прабіралася рука Максімкі і, набіраючы ў хваткаю далоню ежы, адразу ж знікала з вачэй.
Неўзабаве з вуліцы пачуўся гоман, а следам за ім і раздражняльны рогат, і ў хату, шырока адчыніўшы моцныя дубовыя дзверы, увайшлі некалькі ўзброеных мужчын.
— Ты жить odna? — запытаўся ў Марыі выпешчаны волат, абапіраючыся на трысціну.
— Хварэю я, — зайшлася кашлем Марыя. — Маці нядаўна памерла ад сухоты …
— О, matka, matka! — прамармытаў мужчына і прысеў на моцную драўляную лаву. — Я плохо понимать русский, говорить громко … Wo ist deine Familie? ( у перакл. з нямецкай мовы «Дзе ваша сям’я?») — вымавіў афіцэр і, заўважыўшы ў вачах жанчыны неразуменне, адразу ж паправіўся: — O, mein Gott! (у перакл. з нямецкай мовы «О, Божа мой!»). Я спрашивать, где твоя семья? 
Марыя тут жа схапілася за жывот і, закашляўшыся, хрыплым голасам адказала:
— Памерлі ўсе. … Сухоты …
Тры салдаты, якія стаялі каля дзвярэй з закасанымі рукавамі і з аўтаматамі ў руках, моўчкі зiрнулi адзiн на аднаго і пажадліва зарагаталі. Расплыўся ва ўсмешцы і афіцэр.
— Что есть «чахотка»? — запытаўся ён, ткнуўшы ў грудзі напалоханай жанчыны трысьцінай.
— Смерць, — злосна адказала Марыя.
— О, yeah, yeah! (у перакл. з нямецкай мовы «О, да, да!»). Война — смерть! — голасна вымавіў нямецкі афіцэр і, зірнуўшы на жанчыну, накіраваўся да выхаду, ціха пры гэтым дадаўшы:
— Ich bin Belgier (у перакл. з нямецкай мовы «Я бельгіец»). Если я не воевать — там убивать мой семья! Прятаться, matka, прятаться. …
Марыя стаяла ў поўным здранцвенні: жылаватыя рукі, стомленыя цяжкай сялянскай працай, напружана падрыгвалі; з-пад хусткі вылезла пасма валасоў. Нервовая дрыготка, якая трымала цела ў напружанні, паступова слабела, з-за чаго ногі наліваліся цяжкім свінцом. Вызірнуўшы ў вакно, яна ўбачыла, як малады каржакаваты немец, заглянуўшы ў хлеў, панёс з курасадні адзіную іх нясушку.
— Ды каб вас чорт пабраў! — вырвалася з вуснаў жанчыны.
Затым апусцілася на калені і, зазірнуўшы пад печ, сказала:
— Сышлі праклятыя, дасць Бог, больш не вернуцца.
— Сястрычка, вымавіў мужчына, — у лес ісці трэба. Чуеш? —паўтарыў ён. — У лес …
Пад вечар Марыя сышла ў лес капаць зямлянку, пакінуўшы Максімку прыглядаць за параненым лётчыкам.
Парадкам стаміўшыся, хлопчык нахіліў галаву і, уткнуўшыся ў плячо мужчыны, ціха засоп. Яму снілася даваенная вёска, час, калі іх хата і двор запаўнялі родныя галасы. Сніліся вузкія вясковыя вулачкі, плот, абчэплены глінянымі гаршкамі, і глыбокі склеп, куды яны хаваліся з Паўлікам ад раззлаванага дзеда Пахома.
На світанні ў сенцах рыпнулі дубовая дзверы і адразу ж заблеяла авечка. Максімка здрыгануўся і, прыадкрыўшы вочы, убачыў сябе ляжалым на каленях мужчыны. «Матуля!» — захоплена падумаў ён і кінуўся да выхаду.

* * *

З архіўных матэрыялаў. Успаміны Васіля Фёдаравіча Камінскага аб вызваленні Дрыбіншчыны: «У вёсцы Еськаўка, дзе жыла наша сям’я, немцы не стаялі. Бліжэйшы іх гарнізон знаходзіўся каля вёскі Пічаўка, ля чыгункі — немцы вартавалі яе ад партызан. Былі там дзве казармы і вышка, на якой дзяжурылі кулямётчыкі. Дарога там ідзе на выгіб, агляд добры і відаць далёка ў абодва бакі. … У апошнія дні верасня людзі пачалі пагаворваць, быццам пачалося наступленне і вось-вось прыйдуць савецкія войскі. Усе жыхары вёскі пахаваліся ў лесе. Баяліся, раптам немцы пад канец пачнуць лютаваць. І толькі наша суседка Ганна Емяльянаўна Нікіценкава, добрая была жанчына, актывістка, засталася. Кажа: «Што будзе тое будзе, а з хаты я не сыйду!». Яна і распавяла, што ўжо пасля абеду, ці то дваццаць восьмага, ці то дваццаць дзевятага верасня ўсе адбывалася, дакладна зараз не скажу, у вёсцы з’явіліся немцы на падводах і машынах. Нешта «пагаргаталі» на сваім і паехалі ў бок вёскі Пічаўка. А літаральна следам за імі з’явіліся двое коннікаў. Высветлілася, гэта наша разведка. Байцоў бачылі і мы, падлеткі. Да самай начы праз вёску ішлі чырвонаармейцы. Невялікімі разрозненымі групамі, праязджалі на фурманках, радзей — на машынах. Начаваць ніхто не застаўся. І толькі на другі дзень з’явіліся абозы. І ў вёсцы Еськаўка, і ў лесе за ёй — там, дзе цяпер кар’ер, было вельмі ажыўлена. Савецкія вайскоўцы размяшчаліся на пастой у хатах, капалі зямлянкі, а праз некалькі дзён было вызвалена мястэчка Дрыбін …».

Максім Нічыпаравіч стаяў на руінах бацькоўскай хаты. Разглядаючы кожную былінку, прарослую скрозь рэшткі падмурка, мужчына ўзгадваў жыццё ў зямлянцы глыбока ў лесе і той пастаянны страх застацца без маці. Гэтыя дзіцячыя жахі пераследавалі яго ўсю вайну. З асаблівым болем узгадваў свайго сябра Паўліка, якія падарваўся ў той год на міне, і акрываўлены твар забітага дзеда Пахома. «Тады здавалася, што ў нас, у тых, хто выпадкова выжыў, няма будучыні, — раздумваў ён, сціскаючы ў кулаку жменю зямлі. — Ды і аб якой будучыні можна было марыць, коўтаючы гнілую бульбу ўзімку і ласуючыся зялёным сокам свежай травы ўлетку? … Пастаянны бруд, тыднямі не мытае цела, прапахлая потам бялізна, ды яшчэ і памытая ў стаячай вадзе без мыла, разадранае да крыві цела ад камарыных укусаў і пастаяннае пачуццё голаду». І адразу ж, як быццам гэта было ўчора, успомнілася, калі жыхары вёскі, ўцёклыя ад гібелі ў выратоўчы лес, вярнуліся па восені ў свае агароды за садавінай і агароднінай.

* * *

Быў яркі сонечны дзень. … Цеплыні ўжо не было, але лёгкі восеньскі ветрык ўсё ж высушваў глебу. У гэты дзень з лесу цэлымі сем’ямі, папярэдне выведаў становішча, што ў вёсцы няма немцаў і паліцаяў, выходзілі людзі. З самае раніцы свой агарод аглядала Нікадзімаўна, недалёка ад яе, за плятнём варушылася Марыя з Максімкам. Насцярожана паглядаючы па баках, Максімка спрытна выкопваў аранжавыя плады і, ачысціўшы самыя сакавітыя з іх аб рукаў кашулі, прагавіта грыз іх разам з пясчынкамі зямлі. Раптам з боку леса пачуліся чыесьці хуткія крокі. Максімка адразу ж узняў галаву і ўбачыў каля суседкі вясковага цесляра Мірона Закружного.
— Сыходзьце ў лес, — крыкнуў той спехам. — У вёску едуць немцы.
Усхваляваная, не выціраючы перапэцканых рук, Нікадзімаўна ў тую ж хвіліну падбегла да паркана, і, папярэдзіўшы Марыю, устрывожана дадала:
— Старая я ўжо, не дабягу так шпарка, не паспею. … Папярэдзіць бы тых, хто за весніцамі.
Марыя паглядзела на свайго сына: яе стомленыя вочы напоўніліся неймаверным адчаем, у грудзях задрыжала матчына сэрца. Жанчына моўчкі кінула ў прадзіраўлены кошык жменю дробнай морквы і, акінуўшы поглядам сваё адзінае дзіця, кіўнула яму галавою. Не раздумваючы, з усяе моцы хлопчык памчаўся за ваколіцу.
Прабягаючы па вузкім вясковым вулачкам, Максімка ўспомніў разараныя па вясне палі, духмяны водар бэзу і ўнучку бабкі Акімаўны — Алёнку. На імгненне хлапчуку здалося, што за ім, абганяючы адзін аднаго, імчыцца цэлая зграя немцаў, — і адразу ж, дзесьці ўдалячыні, пачуўся адзіночны стрэл і чыйсьці крык. Сэрца шалёна задрыжала.
У зваротны шлях разам з Максімкай беглі некалькі чалавек. За плячыма раздавалася бесперапынная кулямётная чарга, над галавой са свістам праляталі кулі. Побач з Максімкай бегла тая самая Алёнка. Ля самага лесу дзяўчынку напаткала шальная куля. Упаўшы на зямлю, яна кумільгам скацілася ў яр і знерухомела. Максімка адразу кінуўся за ёй. Гукнуўшы яе, хлопчык ад стомы прылёг побач і, разглядаючы валошкавы бляск яе мёртвых вачэй, задрамаў. Непадалёку ад іх, над самым ярам, прайшлі немцы. Яны яшчэ доўга паводзілі страляніну на ўзлеску, але ўвайсці ў лес так і не адважыліся.

* * *

Гістарычная хроніка: «У жніўні 1944-га на ўчастку Орша-Крычаў-Унеча былі адноўлены і адкрыты для руху цягнікоў станцыі і раз’езды. Чыгуначная станцыя Цёмны Лес у першыя пасляваенныя гады мела вялізарнае значэнне. Гэта быў цэнтр, куды сыходзілася насельніцтва з акругі. На станцыю прыбывалі грузы. Сюды ішлі людзі па соль, за прадуктамі, за іншымі таварамі. Ішлі пешшу па бездаражы, начавалі ў шляху, галадавалі».

На могілках стомлены вандроўнік прысеў на лаўку ля магілы маці.
— Даўно мы з табою не бачыліся, — тяжка ўздыхнуўшы, прамармытаў Максім Нічыпаравіч. — Ты прабач мяне, свайго бязпутнага сына. … Зацягнула мяне руціна…
Развітацца я прыехаў, мабыць, апошні раз наведваю цябе.
Над галавою пяшчотна зашумела лістота маладой бярозкі, дзесьці побач праляцела шумная вераб’іная зграя.
— Ну, чаго снілася? — жвава запытаўся ён. — Сама ведаеш — хутка ўбачымся, і мне не так доўга засталося … Ты ўжо дачакайся мяне, пагаворым, можа, я чаго ў жыцці не так зрабіў!?
З боку сенажаці данеслася песня жаўрука. Мужчына ўзняў уверх галаву і, цяжка ўздыхнуўшы, паглядзеў на кроны высокіх могілкавых дрэў.
Бацька з вайны так і не вярнуўся. Ён загінуў пад Берлінам, не дажыўшы да Перамогі ўсяго чатыры дні. Маці атрымала пахавальны ліст адразу пасля вайны. Пасталеўшы, Максімка наведаў братнюю магілу, у якой быў пахаваны ягоны бацька. Маці не змагла — яна па-ранейшаму чакала бацьку з вайны і да канца сваіх дзён не верыла ў яго гібель. Неўзабаве пасля Перамогі Марыю адшукаў той лётчык, якога яна разам з малалетнім сынам выратавала ад немінучай смерці. Клікаў іх у Маскву, абяцаў Максімку вялікую будучыню, але Марыя адмовілася. Сына яна таксама не адпусціла. Праз усё жыццё пранёс Максім Нічыпаравіч аповяд лётчыка аб тым баі, у якім быў збіты яго самалёт. З асаблівым трапятаннем успаміналася і ўдзячнасць лётчыка за сваё выратаванне.
Да сям’і Максім Нічыпаравіч вяртаўся познім вечарам. Усю дарогу яго мучылі ўспаміны аб дзяцінстве. «Вайна не прайшла, — раздумваў ён, гледзячы на падлеткаў, якія ехалі з ім у адным аўтобусе. — Яна жыве ўнутры ў кожнага чалавека, і ў любы момант помста, зло, зайздрасць і нянавісць могуць вырвацца вонкі. … Вайна — гэта ўсёпажыральны монстар, адроджаны з попелу са смагай крыві. … Вайна існавала заўсёды — паміж суседзямі, у родзе паміж братоў, у сем’ях. І мала хто разумее: для таго, каб вынішчыць вайну, трэба вытравіць зайздрасць і нянавісць спачатку ў сваёй душы, а гэта не кожнаму чалавеку пад сілу. Мне ўжо нічога не страшна, і я шчаслівы, што магу падзяліцца досведам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Галоўнае, каб яны мяне пачулі, каб зразумелі сэнс гэтага тленнага жыцця. І ўсё ж шчыра спадзяюся, што іх жыццё складзецца зусім па-іншаму».
Мабыць, у гэтым і было тое святло незгасальнай надзеі, якое сагравала і адначасова натхняла яго параненую душу ўвесь пасляваенны час. Менавіта ў гэтым і быў сэнс усяго чалавечага жыцця.

 

 

 

 

 

 

 

Няждана ОКРЫК
(аўтар Ластачкіна Святлана Ільінічна
друкуецца пад літаратурным псеўданімам
Няждана ОКРЫК)

Последние новости

Общество

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
Общество

В Дрибине с 19 апреля возобновили подачу тепла в дома

19 апреля 2024
Проиcшествия

Пал травы на участке привел к гибели пенсионерки

19 апреля 2024
Общество

Дрибинский районный центр детского творчества принял участие в 26-й Международной выставке-ярмарке туристских услуг “ОТДЫХ”

19 апреля 2024
Президент

Головченко: состав участников ВНС полностью сформирован, делегатами будут 1162 человека

19 апреля 2024
Президент

Лукашенко произвел кадровые назначения в структуре Следственного комитета

19 апреля 2024
Общество

Проводится правовой мониторинг постановления об установлении требований к лицам, ответственным за организацию и выполнение автомобильных перевозок

18 апреля 2024
Общество

Заведующий отделением комплексной поддержки в кризисной ситуации Марина Горбачевская свою работу считает интересной и нужной

18 апреля 2024
Официально

В Дрибинском районе прошел Единый день информирования

18 апреля 2024
Общество

Председателем Федерации профсоюзов Беларуси избран Юрий Сенько

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

С 18 по 20 апреля пройдет Международная весенняя ярмарка туристических услуг «ОТДЫХ – 2024»

15 апреля 2024
Общество

«Моя малая и такая большая родина». Живописный уголок на карте района — Трилесино

8 апреля 2024
Президент

Лукашенко – руководителям областей: не будет результата в этом году – ждите жесточайших репрессий

17 апреля 2024
Калейдоскоп

Пора сажать лук и чеснок. Лучшие сорта и благоприятные дни по лунному календарю в апреле 2024 года

16 апреля 2024
Общество

«Я люблю Темный Лес»

10 апреля 2024
2024 - Год качества

Дрибинщина приняла участие в акции «Вместе для зеленой Беларуси!»

8 апреля 2024
Официально

С какими вопросами обратились к руководству района жители Покутья?

17 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Герои Великой отечественной войны, в честь которых названы улицы в Дрибинском районе: Владимир Маркович Пасиков

15 апреля 2024