Темы

Настаўніца Кароўчынскай СШ Паліна Малікава падтрымлівае цікавасць у вучняў да роднай мовы

Настаўніца Кароўчынскай СШ Паліна Малікава падтрымлівае цікавасць у вучняў да роднай мовы

Дата 21 лютага — асаблівы дзень для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, як і няма мовы без яе носьбіта. Ключавую ролю ў выхаванні павагі да нашай беларускай  мовы і падтрымцы інтарэса да яе ў грамадстве адыгрываюць у першую чаргу  настаўнікі, раскрываючы перад вучнямі багацце, прыгажосць і ўнікальнасць гэтай асаблівай нацыянальнальнай каштоўнасці, далучаючы юных беларусаў да культурнай спадчыны свайго народа.

Як зацікавіць сваім прадметам сучасных дзяцей, добра ведае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кароўчынскай сярэдняй школы Паліна Малікава. Паліна Васільеўна стала лаўрэатам другога, раённага этапа конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» 2025-2026 гг., членам журы яна прадэманстравала высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і творчага патэнцыялу, без якога ў педагагічнай дзейнасці не абысціся. Добрым вынікам, безумоўна, садзейнічала грунтоўная папярэдняя падрыхтоўка, але і на сцэне ў фінальным конкурсе, і падчас іншых выпрабаванняў, дзе патрабаваліся адмысловыя прафесійныя веды і навыкі,  гераіня матэрыялу заставалася сама сабой — перш за ўсё чалавекам, які добрасумленна ставіцца да сваёй працы, любіць сваю справу і сваіх вучняў.

— З дзіцячых год я марыла стаць настаўнікам, — кажа Паліна Васільеўна. —  Пасля заканчэння гімназіі ў родным горадзе Горкі паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова. Па дыплому я выкладчык рускай мовы і літаратуры, і першыя гады, атрымаўшы размеркаванне ў Чавускі раён, працавала па спецыяльнасці. Прыкладна дзесяць год таму назад разам з сям’ёй мы вярнуліся на малую радзіму мужа — у Кароўчына. Я ўладкавалася ў мясцовую школу, і, бадай,  з гэтага часу беларуская мова, якую тут прапанавалі выкладаць,  мне стала асабліва блізкай, бо нельга навучыць дзяцей таму, што сам ведаеш кепска альбо што самому нецікава. Вучу і сама часам вучуся разам з вучнямі, рыхтуючыся да ўрокаў ці, напрыклад,  алімпіядаў. І чым больш працую, тым больш натхняюся, — усміхаецца мая суразмоўца.

Настаўніца прызнаецца, што, выкладаючы беларускую мову і літаратуру, пачала больш выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці. Быццам бы нанова адкрыла  для сябе і вядомых беларускіх аўтараў, больш удумліва чытаючы іх знаёмыя яшчэ з дзяцінства творы.

У мясцовай бібліятэцы досыць шмат займальных, развіваючых беларускамоўных дзіцяцых кніг, кажа суразмоўца, і яна ахвотна бэрэ іх пачытаць для свайго сына-дашкольніка. З цікавасцю адносіцца да вывучэння беларускай мовы і літаратуры і дачка Вераніка, вучаніца 5 класа. Дзяўчынка, напрыклад, выразіла жаданне паўдзельнічаць сёлета ў алімпіядзе па гэтым прадмеце і зараз разам з маці актыўна рыхтуецца да будучых іспытаў.

Увогуле ва ўсіх сваіх вучняў Паліне Малікавай удаецца падтрымліваць інтарэс да роднай мовы. Творчая асоба, чалавек ініцыятыўны і дасціпны, Паліна Васільеўна імкнецца кожны ўрок ператварыць у цікавае падарожжа. На дапамогу прыходзяць сучасныя тэхналогіі, той жа штучны інтэлект, які пры граматным выкарыстанні дапамагае аўтаматызаваць руцінныя задачы і павысіць эфектыўнасць навучання, элементы гульні і разнастайная нагляднасць. На ўроках беларускай мовы і літаратуры вучні, акрамя іншага, пашыраюць свой кругагляд, вучацца быць назіральнымі, знаёмячыся з народнымі традыцыямі, звычаямі, культурай і гісторыяй роднай зямлі.

Назапашаны педагагічны вопыт Паліна Малікава імкнецца накіраваць таксама ў даследчую дзейнасць і ва ўдасканаленне адукацыйнана працэсу. Так, у мінулым годзе разам са сваёй вучаніцай Віялетай Ганчаровай пісалі даследчую працу па вобразе Бабы-Ягі ў беларускіх народных казках і занялі ў раёне прызавое месца. А па выніках  рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак настаўніца Кароўчынскай СШ — яна прапанавала журы і сваім калегам асабіста распрацаваны план урока беларускай літаратуры ў 6 класе —  трапіла ў лік фіналістаў. Гэта толькі некаторыя з яе прафесійных дасягненняў.

Мае Паліна Васільеўна і вопыт напісання вершаваных радкоў, а таксама з’яўляецца актыўнай удзельніцай вядомага ў раёне народнага ансамбля бытавога танца «Вытокі».

— У дзяцінстве мне яшчэ хацелася быць артысткай, і гэтая мара, як бачыце, таксама ажыццявілася, — жартуе суразмоўца. — А калі ўсур’ёз, то свае традыцыі трэба берагчы, шанаваць і перадаваць наступным пакаленням, як і нашу родную мову, якая з’яўляецца выразным адлюстраваннем душы і характару беларускага народа.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Фота Ігара КОЛАБАВА

Последние новости

Профилактика и безопасность

Осторожно, мошенники!

13 июня 2026
Читать новость
Официально

17 июня будет проводить прием граждан и прямую телефонную линию Мартинович Тимофей Владимирович

13 июня 2026
Читать новость
Год белорусской женщины

В чем счастье женщины рассказала жительница Дрибина Лариса Кочина

13 июня 2026
Читать новость
Общество

Команда МТК «Черневка» нацелена на эффективную работу

13 июня 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 13 июня 2026 года: что обещают астрологи

13 июня 2026
Читать новость
Общество

Поезд «Детство. Юность-2026» двинулся в путь: в Дрибинском районе прошел большой выпускной бал

12 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем