Темы

Жыхарка Кароўчына Людміла Сухаварава — пра творчы талент, натхненне і вершаваныя думкі

Жыхарка Кароўчына Людміла Сухаварава — пра творчы талент, натхненне і вершаваныя думкі

Дрыбінская зямля мае адметную культурна-гістарычную спадчыну і ўнікальныя традыцыі, а таксама багата таленавітымі, цікавымі і творчымі людзьмі, што праслаўляюць раён сваім непаўторным майстэрствам. Усё, што так ці інакш мацуе духоўны падмурак нашага грамадства, што дапамагае нам убачыць рэчаіснасць праз прызму творчасці і дасягненняў мінулага, лягло ў аснову новага праекта рэдакцыі раённай газеты “Дрыбінская скарбонка”. 

І першая публікацыя ў рамках праекта прысвечана чалавеку, надзеленаму здольнасцю вобразна мысліць, адчуваць свет і перадаваць свае эмоцыі, думкі праз рыфму і важкае паэтычнае слова. Гэта наша славутая зямлячка, таленавітая паэтэса, член клуба творчых сустрэч “Вянок Дрыбіншчыны” Людміла Сухаварава.

Я — беларуска, маці і жанчына.

І гэтым даражу і ганарусь.

Мне дораг родны край — мая Айчына,

Пяшчотная Радзіма Беларусь.

Тут люба ўсё мне: возеры, рачулкі,

Смалістай хвоі водар веснавы.

Да свята мной напечаныя булкі,

Ды пах мурожнай скошанай травы.

Я простая вясковая кабета,

Амаль што не бываю ў гарадах.

Як дачакаюсь зноў вясны ды лета,

Любуюсь, як расце ўсё на градах.

Мне гаспадарка жыць не замінае,

Як добра, што не пуста ў хляве.

Я — простая жанчына, я зямная,

Хоць думкі незямныя ў галаве.

Яны ляцяць кудысьці ў аблокі,

Нібыта ў вырай птушкі-жураўлі.

А я кладу няспешна свае крокі,

Шчаслівая блукаю па зямлі.

У гэтых лірычных радках, натхнёных аб’яўленым у краіне Годам беларускай жанчыны, Людміла Міхайлаўна трапна і вельмі шчыра расказвае перш за ўсё пра сябе — простую вясковую жанчыну, гаспадыню і маці, якая  радуецца штодзённым клопатам, магчымасці жыць і працаваць на роднай зямлі, з трапяткой душой паэта, што дапамае ёй знаходзіць сэнс, прыгажосць і гармонію ў самых звычайных праявах жыцця.

Людміла Сухаварава нарадзілася ў вёсцы Шастакі і ўжо амаль трыццаць пяць год, як з мужам яны жывуць у Кароўчыне — малая радзіма моцна прывязала жанчыну да сябе сваімі каранямі. Выгадавалі чатырох сыноў і радуюцца траім унукам. Трымаюць карову ды іншую хатнюю гаспадарку. Ва ўтульным добраўпарадкаваным доме, які ў гэтую сонечную пару года патанае ў духмяным квецці, гасцей сустракае пах печыва…  І за якую б справу ні ўзялася мая суразмоўца, яе заўсёды суправаджае творчае натхненне.

— Першая спроба пяра ў мяне адбылася  ў пятым класе, — прыгадвае суразмоўца. —  Памятаю, мая лепшая сяброўка на канікулах паехала пагасціць да старэйшай сястры. Мне стала сумна, і я вырашыла напісаць ёй пісьмо ў вершаванай форме. Пакуль тое пісьмо дайшло, сяброўка вярнулася дадому, але творчы імпэт у мяне застаўся… Так што вершы я пачала пісаць яшчэ ў  дзяцінстве. Калі я перайшла ў дзясяты клас, як раз адчынялі новы будунык школы, і з гэтай значнай нагоды ў мяне таксама нарадзіўся верш, які я прачытала на школьнай лінейцы. Асобныя вершаваныя радкі, памятаю, прысвяціла кожнаму з нашых настаўнікаў і ведаю, што некаторыя іх захоўваюць да гэтага часу.

Натхненне да Людмілы Міхайлаўны прыходзіць нечакана, у любы момант. Думкі самі часам складваюцца ў рыфму, і калі выдасца вольная хвілінка, жанчына садзіцца і запісвае іх у сшытак. Піша ў асноўным на беларускай мове, пра ўсё, што хвалюе і што радуе, пра святы і будні, пра радзіму і пра людзей, пра сучаснае і мінулае, пра высокае і зямное, сур’ёзна, кранаючы патаемныя струны душы, і з гумарам, бо паэтычны талент яе вельмі шматгранны. Але кожны верш ці байка, што выходзіць з-пад пяра Людмілы Сухаваравай, — гэта сапраўная песня, меладычная, напеўная, зразумелая і блізкая кожнаму.

Бадай, не адно творчае спаборніцтва, дзе прымае ўдзел Людміла Міхайлаўна, не абыходзіцца без узнагароды. Кожны год яна ў ліку пераможцаў конкурсу “Славім Дрыбінскі наш край”, прымеркаванага да “Дрыбінскіх таржкоў”, а таксама конкурсу, які праходзіць у рамках вядомага рэгіянальнага свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”.

Дзякуючы супрацоўнікам Дрыбінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі былі надрукаваныя, убачылі свет два зборнікі паэтэсы. Але назапашанага матэрыялу хапіла б яшчэ не на адзін. Дырэктар Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі Святлана Верам’ёва кажа пра Людмілу Сухавараву як пра чалавека актыўнага, няўрымслівага ў самым лепшым сэнсе гэтага слова, здольнага падтрымаць любую ініцыятыву. Здаецца, няма такой тэмы, якую яна не смагла б раскрыць у паэтычных радках.

Так, у стосе ўзнагарод заўважаю дыплом фіналіста міжнароднага  конкурсу «Арменія ў маёй душы». На маю цікавасць суразмоўца тут жа адказвае:

— У гэтай краіне мне не даводзілася бываць. Проста калі прапанавалі прыняць удзел у конкурсе, я перш за ўсё пачала шукаць інфармацыю пра Арменію. Атрыманыя звесткі і выкарастыла затым у вершы.

У выніку атрымаўся дыялог у акопе перад боем паміж “юнаком чарнявым, бязвусым” і “дзядзькам русым” — армянінам і беларусам. Іх лёсы звязала жудасная вайна і адзінае моцнае жаданне — хутчэй убачыць родныя мясціны, але нечаканы выбух абарваў светлыя мары назаўжды…  Твор напісаны настолькі пранікнёна, быццам бы аўтар сама была сведкай гэтай размовы.

Так і жыве гэтая дзіўная жанчына, напаўняючы святлом паэзіі навакольны свет. Яе жыццё — гэта гімн простаму чалавечаму шчасцю і невычэрпнай сіле творчасці.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Фота Ігара КОЛАБАВА

Последние новости

Год белорусской женщины

Жыхарка Кароўчына Людміла Сухаварава — пра творчы талент, натхненне і вершаваныя думкі

6 июня 2026
Читать новость
Профилактика и безопасность

Как не попасть на уловку мошенника вовремя телефонного разговора?

6 июня 2026
Читать новость
Общество

Водитель Олег Пасацков тридцать лет в кабине скорой помощи

6 июня 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 6 июня 2026 года: что обещают астрологи

6 июня 2026
Читать новость
Общество

О процедуре ЭКО рассказала врач-акушер-гинеколог Дрибинской ЦРБ Инесса Русакович

5 июня 2026
Читать новость
Общество

Сотрудники Дрибинского РЭС победили в конкурсе профмастерства

5 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем