Творчасць, вера і любоў мацуюць жыццёвы падмурак Святланы Жаркоўскай з аграгарадка Расна

Калі б патрабавалася ёміста, літаральна некалькімі словамі ахарактарызаваць гераіню матэрыялу, то можна было б проста сказаць: знаёмціся, душа аграгарадка Расна Святлана Жаркоўская. Святлана Емяльянаўна, пра якую і пойдзе аповед далей, добра ведае ўсіх мясцовых жыхароў, гісторыю населенага пункта, ніколі не адмовіць сустрэць гасцей, што прыязджаюць сюды ў пасёлак на Радуніцу ці з іншай нагоды здалёк, ды ўвогуле — светлы, добразычлівы, неабыякавы чалавек, які жыве са шчырай верай у сэрцы, спагадай да іншых і невычэрпным творчым запалам. Чаго-чаго, а вось апошняга ёй сапраўды не займаць: у гэтым годзе Святлана Емяльянаўна адзначыла 55-гадовы юбілей дзейнасці ў сферы культуры. Дзейнасці, якая і па сённяшні дзень служыць ёй крыніцай натхнення.
Многія ў раёне ведаюць Святлану Жаркоўскую як актыўную ўдзельніцу народнага ансамбля народнай песні «Вярбіца», што дзейнічае пры Расненскім сельскім Доме культуры. Яна і стаяла ля вытокаў стварэння гэтага калектыву. Але пачалося ўсё значна раней, менавіта тады, калі маладой, 21-гадовай дзяўчыне прапанавалі ўзначаліць мясцовы сельскі клуб.
— Так склаўся лёс, што я, скончыўшы Бароўскі тэхнікум электрафікацыі і механізацыі ў Калужскай вобласці, вярнулася ў родныя мясціны і тут засталася. Якраз у гэты час памёр мой бацька, трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы. І калі вызвалілася пасада загадчыка клуба, старшыня сельскага Савета, былы дырэктар школы Васіль Рыгоравіч Карабанаў, адразу прапанаваў яе мне, запэўніўшы, што я абавязкова спраўлюся, — прыгадвае Святлана Емяльянаўна сваю маладосць. — Што казаць, спачатку крыху хвалявалася. Ды справы з цягам часу пачалі наладжвацца, асабліва калі на дапамогу прыйшлі нашы мясцовыя жыхары — таленавітыя, адораныя творчыя людзі — удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Расненскіх артыстаў ведалі ва ўсёй акрузе і па-за яе межамі. Пешшу з канцэртамі мы абышлі ўсе навакольныя вёскі — амаль у кожнай тады быў свой клуб. Помню, трапілі на першы конкурс прыпеўнікаў у Горках і адразу атрымалі першае месца!
Калі быў адроджаны Дрыбінскі раён і пабудаваны пасёлкі для перасяленцаў, у Расна адкрылі сельскі Дом культуры, важнай старонкай дзейнасці якога стала нараджэнне калектыву «Вярбіца». Над назвай думаць нават не прыйшлося, кажа мая суразмоўца: побач з населеным пунктам цяцэ рака Вярбоўка — маляўнічыя вобразы роднага краю самі сабой навеялі прыгожае і мілагучнае слова. Першым мастацкім кіраўніком ансамбля была Еўдакія Самкнулава, а потым яе месца заняла Таццяна Дзюўбанава, яна і па сённяшні дзень выступае галоўным ідэйным натхняльнікам удзельнікаў «Вярбіцы», якую бурнымі апладысментамі сустракаюць на розных канцэртных пляцоўках.
— Дзе мы толькі не былі! Мы пастаянныя госці ў суседніх раёнах: не раз прыязджалі ў Краснаполле, Чэрыкаў, Чавусы, Радамлю, Александрыю… Выступалі ў Смаленску, прымалі ўдзел у свяце гумару ў знакамітых Аўцюках на Гомельшчыне, — не хавае гонару за свой калектыў жанчына.
Выступленне артыстаў Расненскага сельскага Дома культуры, і не мае значэння — вялікая гэта сцэна ці імправізаваная пляцоўка ля вясковай хаты, — заўсёды свята, жывая плынь душы, моцныя, звонкія галасы адгукаюцца ў сэрцы, выклікаючы цёплыя і шчымлівыя пачуцці. Песні, што яны выконваюць, простыя і зразумелыя кожнаму — сумныя, меладычныя альбо вясёлыя, з гумарам, яны пра тое самае важнае, што ёсць у нашым жыцці.
Святлана Емяльянаўна — хормайстар, адна з самых першых і старэйшых удзельнікаў народнага ансамбля народнай песні, захавальніца яго лепшых традыцый і залаты голас. Творчасць стала неад’емнай часткай яе жыцця, а калектыў яна называе сваёй другой сям’ёй.
— Узрост часам дае пра сябе знаць, — усміхаецца жанчына, — але кожная наша цёплая сустрэча ў Доме культуры, рэпетыцыя і выступленне — быццам глыток свежага паветра, дзякуючы якому я жыву і наталяюся жыццёвай энергіяй.
Так моцна, як і творчасць, Святлана Жаркоўская любіць сваю сям’ю і родны куточак, дзе нарадзілася і жыве да гэтага часу. Яе прытулак — бацькоўская хата, куды маці прынесла яе яшчэ немаўляткам у складаны пасляваенны час. Лёс і жыццё гераіні матэрыялу — частка багатай і драматычнай гісторыі Расна, пра якую Святлана Емяльянаўна ведае не з кніжак ды падручнікаў, а з успамінаў сваіх родных, перш за ўсё маці. А таму з павагай сустракае ўсіх, хто прыязджае сюды пагасціць, наведаць родныя мясціны. Не можа адмовіць, калі хто здалёк напярэдадні Радуніцы папросіць яе прыбрацца на могілках сваіх блізкіх, — чалавеку трэба дапамагчы.
Замілавана аглядаючы наваколле роднай вёскі, якое ў гэтую цудоўную пару года патанае ў рознакаляровай квецені і духмяным водары садоў, Святлана Жаркоўская не хавае захаплення:
— Як у нас тут хораша, як здорава і лёгка! Вяртаючыся дадому з далёкіх дарог, я быццам бы нараджаюся наноў і спачываю тут душой!
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара КОЛАБАВА