Темы

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі дрыбінчанка Святлана Цмугунова — пра творчасць, сям’ю і працу

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі дрыбінчанка Святлана Цмугунова — пра творчасць, сям’ю і працу

У кожнага з нас свая крыніца натхнення. Хтосьці наталяецца жыццёвай энергіяй зносінамі ў сям’і, хтосьці адчувае ўздым, займаючыся творчасцю, для многіх лепшы стымул развівацца і ўдасканальвацца — гэта любімая праца альбо хобі… Але ёсць людзі, якія кожны дзень не губляюць жыццёвага запалу, бо ўвесь акаляючы свет служыць для іх адзінай вялізнай крыніцай натхнення. Сярод такіх людзей і гераіня сённяшняга матэрыялу дрыбінчанка Святлана Цмугунова — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член клуба творчых  сустрэч «Вянок Дрыбіншчыны»,  галоўны эканаміст сялянска-фермерскай гаспадаркі «Прагрэс» Уладзіміра  Пятровіча Цмугунова і разам з тым шматдзетная маці.

Святлану Алегаўну добра ведаюць на дрыбінскай зямлі, дзе яна жыве і працуе ўжо больш за 20 год. Зямлі, якая без перабольшання стала ёй другой радзімай, бо менавіта тут асабліва ярка праявіўся яе пісьменніцкі і паэтычны талент, тут сустрэла яна сваё асабістае шчасце і стварыла моцную, дружную сям’ю. І ў кожнай іпастасі мая суразмоўца змагла сябе спаўна рэалізаваць.

— Бадай, усё, да чаго я імнулася, пра што марыла, — сапраўды здзейснілася, — прызнаецца Святлана Алегаўна.  — Галоўнае зараз — працягваць развівацца ў кожным накірунку, бо і прафесія, і творчасць, і адказная роля маці, жонкі, гаспадыні — аднолькава важкія стымулы трымаць сябе ў тонусе і самаўдасканальвацца.

Пісаць творы гераіня матэрыялу пачынала яшчэ ў школе, ужо ў дзіцячыя і юнацкія гады шмат чытала і натхнялася паэзіяй класікаў рускай і беларускай літаратуры, каб з цягам часу, паступова шліфуючы сваё майстэрства, заіскрыцца новай зоркай на творчым небасхіле не толькі нашай Дрыбіншчыны, але і ўсёй Магілёўскай вобласці і Беларусі ўвогуле.

Значнай падзеяй у жыцці і новым вітком у творчай дзейнасці Святланы Цмугуновай стала прыняцце яе ў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 2023 годзе.

— Быць членам гэтага грамадскага аб’яднання не проста ганарова, але і досыць адказна, — кажа паэтэса. — Бо гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае літаратараў, засяроджаных на падтрымцы дзяржаўнай культурнай палітыкі, развіцці традыцый беларускай літаратуры і культурнай дзейнасці. Можна сказаць, зараз гэта мая другая прафесія, значнай часткай якой з’яўляецца ўдзел у розных культурных мерапрыемствах, конкурсах і, канешне, напісанне новых твораў.

Многія з тых, хто цікавіцца паэзіяй, добра ведаюць адметны творчы почырк Святланы Цмугуновай. Яе вершы і апавяданні напоўнены любоўю да роднай зямлі, яна часта піша пра тое важнае, адвечнае, тое, што хвалюе кожнага з нас.

— Мяне, напрыклад, вельмі натхняе прыгажосць роднай прыроды, шмат яе апісання сустракаецца ў маіх ранніх вершах, — кажа гераіня матэрыялу. — Я імкнуся перадаць свае пачуцці менавіта паэтычным словам, раскрываючы яе хараство і непаўторнасць праз выкарыстанне розных мастацкіх сродкаў. Мастацтва, як вобразнае асэнсаванне рэчаіснасці, мне наогул вельмі блізкае і зразумелае.
Святлана Алегаўна — аўтар пяці ўласных творчых зборнікаў, два з іх паэтычныя, у адзін увайшлі вершаваныя апавяданні, яшчэ два — гэта кнігі, напісаныя для дзяцей. Менавіта для дзіцячай аўдыторыі таленавітая дрыбінчанка піша вельмі шмат. Асобныя яе творы ўвайшлі таксама ў два калектыўныя зборнікі.

Аддае перавагу беларускай мове, бо ўпэўнена, што беларускі пісьменнік павінен валодаць роднай мовай, шанаваць яе і папулярызаваць у сваіх творах, выхоўваць любоў і павагу да мілагучнага роднага слова.  Менавіта гэтым актыўна і займаецца Святлана Цмугунова, сустракаючыся з чытачамі, вельмі часта ладзяцца мерапрыемствы з юнымі жыхарамі нашага раёна, дзе яна не толькі знаёміць слухачоў са сваімі творамі, але і творамі іншых беларускіх пісьменнікаў, лепшымі здабыткамі беларускай літаратуры.

Кожнай жанчыне, каб быць шчаслівай,  важна мець надзейны тыл і адчуваць сябе любімай. Сям’я з павагай ставіцца да пісьменніцкай дзейнасці маёй суразмоўцы: муж Уладзімір як можа падтрымлівае яе натхненне і творчы імпэт, дзеці — Дар’я, Іван і Варвара, якія і самі маюць пэўную цікавасць да творчасці і займаюцца ў школе мастацтваў,  — ганарацца матуляй.

А вось на пытанне, ці складана сумяшчаць працу з бясконцымі вылічэннямі, лічбамі і творчасць як працэс, дзе на першы план выходзяць настрой і пачуцці, Святлана Алегаўна дае крыху нечаканы адказ:

— Яны выдатна адзін аднаго дапаўняюць, і я лічу, што мне тут сапраўды пашанцавала. Літаратурная дзейнасць ці нават проста чытанне кніг дазваляюць на некаторы час абстрагавацца ад прафесійных клопатаў, адпачыць, сабрацца з думкамі, у той жа час пасада галоўнага эканаміста вымушае быць заўсёды ўважлівай, вучыць канцэнтравацца на самым важным, аналізаваць, працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі. І насамрэч гэта ідэальны тандэм.

Калі свае прафейныя веды Святлана Цмугунова ўкладвае ў развіццё фермерскай гаспадаркі, душэўную цеплыню, клопат і любоў дорыць родным і блізкім, то паэтычным дарам шчодра дзеліцца з усімі, хто, як і яна, успрымае навакольны свет праз прызму мастацкага ўяўлення і пачуццёвага вопыту.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Фота Ігара КОЛАБАВА

Последние новости

Общество

Кому для пенсии достаточно всего 5 лет страхового стажа, ответили в Минтруда

22 июля 2026
Читать новость
Президент

Александр Лукашенко заслушал доклад министра обороны

22 июля 2026
Читать новость
Общество

Почему важно соблюдать сроки строительства? Глава района Дмитрий Чигирь провел личный прием граждан

22 июля 2026
Читать новость
Год белорусской женщины

Заведующая Дрибинской центральной районной аптекой Галина Шинкарева 47 лет в своей профессии

22 июля 2026
Читать новость
Общество

Информационно-образовательная акция «Лето без кишечных инфекций» проходит в Могилевской области

22 июля 2026
Читать новость
Общество

Чем и как встречала гостей из профсоюзной организации Дрибинщина

22 июля 2026
Читать новость

Рекомендуем