За межамі Дрыбінскага раёна: 305 год бітве пад Лясной
Бітва пад Лясной адбылася ў час Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг. паміж Расіяй і Швецыяй. 16-тысячны корпус Левенгаупта, які меў вялізны абоз з боепрыпасамі і харчаваннем, ішоў на злучэнне з арміяй шведскага караля Карла ХII. Для разгрому Левенгаупта па загаду Пятра I з найбольш баяздольных часцей рускай арміі быў сфарміраваны «Лятучы корпус» (карвалант) у складзе 12 тыс. чалавек.
Вечарам 27 верасня 1708 г.(тут і далей даты па старому стылю) шведы знаходзіліся ў Лясной. Левенгаупт загадаў паслаць да Прапойска (зараз Слаўгарад) 3-тысячны атрад для рамонту мастоў і расчысткі дарогі ад завалаў. З гэтым атрадам была адпраўлена большая частка абозу. Свае галоўныя сілы Левенгаупт размясціў на вялікай паляне непадалёк ад Лясной. Уперадзе, у невялікім пералеску, стаялі лепшыя часці – 6 батальёнаў. Навокал Лясной з абозных павозак і бярвенняў сялянскіх дамоў быў пабудаваны так званы вагенбург (умацаванне са счэпленых павозак). Раніцай 28 верасня рускі карвалант перайшоў р. Расту і накіраваўся на Лапацічы і Лясную. Да Лясной вяла вялікая дарога, але ісці па ёй усім палкам было небяспечна з прычыны блізкасці шведаў, якія маглі раптоўна атакаваць расцягнутую на некалькі кіламетраў калону рускіх і нанесці ёй цяжкія страты. Невядомы беларускі селянін згадзіўся правесці рускія войскі па вядомых яму сцежках да размяшчэння ворага. Апоўдні 28 верасня перадавыя часці рускіх выйшлі да паляны, дзе размяшчаліся шведы, і перастроіліся ў баявы парадак.
Левенгаупт, які імкнуўся ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, на чале шасці батальёнаў выступіў з пералеску і атакаваў левы фланг рускіх, дзе знаходзіліся Iнгерманландскі і Неўскі пяхотныя палкі. Несучы вялікія страты, рускія стойка стрымлівалі націск шведаў. Калі перадавыя рускія палкі апынуліся ў цяжкім становішчы, ім на дапамогу прыйшлі спачатку Сямёнаўскі, потым Прэабражэнскі гвардзейскія палкі. Шведскія батальёны былі адкінуты і адступілі ў пералесак.
У другой палове дня рускі карвалант рушыў на шведаў. У першай лініі былі Сямёнаўскі, Прэабражэнскі і Iнгерманландскі палкі. На флангах першай лініі былі па два драгунскія палкі. Усе астатнія палкі размясціліся ў другой лініі. Некалькі гадзін ішоў жорсткі бой з пераменным поспехам. Амаль ва упор гучалі ружэйныя залпы. Нарэшце рускія адкінулі ворага. Шведы страцілі 8 гармат і адступілі да вагенбурга. Жорсткі бой так стаміў абодва бакі, што яны вырашылі спыніць бітву. «Вораг ля свайго абозу, — пісаў у сваім журнале Пётр I, — а нашы на баявым месцы селі і даволі доўга адпачывалі, адлегласцю ліній адна ад другой у палавіне гарматнага стрэлу палкавой гарматы або бліжэй».
Праціўнікі адпачывалі каля дзвюх гадзін. У пяць гадзін вечара на дапамогу рускім з-пад Крычава прыбыло 8 палкоў пад камандаваннем генерала Баура ў колькасці 4076 чалавек. Яны прайшлі пад агнём шведскай артылерыі і прыстроіліся да левага фланга баявога парадку карваланта. З прыбыццём новых сіл Пётр I вырашыў нанесці галоўны ўдар па леваму флангу ворага, дзе знаходзіўся мост праз раку Ляснянка, па якому праходзіла дарога на Прапойск. Наступіў трэці, рашаючы этап бітвы.
Зрабіўшы перагрупоўку сіл, рускія зноў перайшлі ў наступленне, іх разгорнутыя лініі падышлі да шведаў на адлегласць ружэйнага выстралу і адкрылі агонь. Праз некалькі хвілін закіпела жорсткая рукапашная бітва. Шведы аказвалі ўпартае супраціўленне, аднак праз некаторы час іх левы фланг быў адкінуты і рускія захапілі мост на Ляснянцы. У гэты момант да месца бою падышоў 3-тысячны шведскі атрад з Прапойска. Прыбыццё свежых сіл дапамагло Левенгаупту вярнуць мост, але перайсці ў наступленне і адкінуць рускіх шведы не маглі. Яны схаваліся у вагенбурзе і адтуль працягвалі адбіваць атакі рускіх.
Пад вечар 28 верасня пайшоў снег з моцным ветрам. З наступіўшым змрокам бой быў спынены. Раніцай Пётр I меркаваў аднавіць бітву і канчаткова знішчыць ворага. Левенгаупт пасля заканчэння бою стаў абмяркоўваць становішча. З 16-тысячнага шведскага корпуса каля паловы было знішчана, астатнія амаль поўнасцю страцілі баяздольнасць. Таму пад прыкрыццём цемры непрыкметна для рускіх шведскія палкі, пакінуўшы артылерыю, параненых і частку абозу, адзін за адным сталі адыходзіць да Прапойска.
Гераічны подзвіг здзейснілі салдаты Акулаў, Вішнеўскі, Казьякоў, Кастаўсаў, Ланскі, Назараў, Нечаеў, Панкрацьеў і Ракіцін, кожны з якіх захапіў у бітве пад Лясной па аднаму шведскаму сцягу. За вялікую храбрасць многія воіны былі ўзведзены ў чын афіцэраў, некаторыя атрымалі грашовыя ўзнагароды.
З 16-тысячнага корпуса Левенгаупт прывёў да Карла ХII толькі каля 5 тыс. чалавек. Без абозу з боепрыпасамі і харчаваннем. У выніку гэтага ў Палтаўскай бітве 27 чэрвеня 1709 г. з усёй шведскай артылерыі былі забяспечаны порахам толькі 4 гарматы.
Аляксандр ШЛЕЯНКОЎ, “Могилевская правда”