Темы

Ад “уціральніка” да “накутніка” — пра што можа расказаць старадаўні ручнік

Ад “уціральніка” да “накутніка” — пра што можа расказаць старадаўні ручнік

Вялізны духоўны свет і вераванні нашых продкаў зашыфраваныя ў гэтым прадмеце побыту

Ручнікі ў беларусаў спрадвеку лічыліся не проста прадметам паўсядзённага ўжытку, але ў першую чаргу з’яўляліся рэччу глыбока сімвалічнай.

Гэтыя даматканыя вырабы ў побыце беларусаў існавалі многа стагоддзяў
і адыгрывалі вялікую ролю ў розных каляндарных і сямейных абрадах.

Іх размяшчалі на галінах святых дрэў, упрыгожвалі чырвоны кут хаты і абразы; дзясяткі вышытых ручнікоў рыхтавалі да вяселля. Кажуць, што дом, у якім няма ручніка, падобны да сям’і, у якой няма дзяцей.
Ручнікі маюць разнастайнае лакальнае шматаблічча, з’яўляюцца выразнымі этнакультурнымі паказчыкамі адметных рыс традыцый, культуры беларусаў. 
Традыцыйны тып ручніка бытаваў на пэўнай тэрыторыі і адрозніваўся ад ручнікоў іншых мясцовасцей.

У залежнасці ад прызначэння і функцыі ручнікі маюць розныя назвы. Ручнікі ўтылітарныя паўсюдна на Беларусі называюцца “ўціральнік”, “уцірач”, “уцірка”, а таксама — “трапкач”, “скарач”, “брэндзал”, “патрэпнічак, “надзёжнік”; абрадавыя — “набожнік”, “ручнік”, “намітка”, “падарак”, “падножнік”. Злучанасць гэтай рэчы з абразамі, з чырвоным кутом адлюстравана ў лакальных назвах: “набразнік”, “абразны ручнік”, “накутнік”, “багавік”, “завеска”, “плат”, “платок”, “набожны платок”. Ручнікі, прызначаныя для святочна-дэкаратыўнага ўпрыгожання інтэр’ера, называюць проста “ручнікамі”.

Асаблівасці лакальных тыпаў ці варыянтаў ручнікоў выяўляюцца ў разнастайнасці іх мастацка-тэхналагічнага вырашэння, характары выкарыстання ў абрадах і аздабленні імі покуці. Сакрэты светаўспрымання і светабудовы хаваліся і хаваюцца за крыжамі, ромбамі, палоскамі, елачкамі… Іх шматлікія і непаўторныя спалучэнні, сакральныя, свяшчэнныя веды перадаваліся ад бабулі да ўнучкі. Яны суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця, звязваючы яго з духоўнай спадчынай, пакінутай папярэднімі пакаленнямі, а таксама культурай і звычаямі продкаў.

Мае значэнне колер, які прысутнічаў на тканых вырабах. Старадаўнія ручнікі выконвалі ў чырвона-чорнай гаме, радзей сустракаецца жоўты, сіні і карычневы колеры. Малюнкі на іх выкананы ў форме геаметрычных фігур, прысутнічае раслінны арнамент.

Чырвоны колер — сімвал цяпла, прыгажосці, чорны — сімвал багацця. Белы колер заўсёды асацыяваўся з чысцінёй, ачышчэннем, дабром, а, такім чынам, і абаронай ад усяго благога. Гэта надавала ручніку адценне святасці, рабіла яго абярэгам і сімвалам удачы ў любой справе.

Юлія Власава дэманструе музейную калекцыю ручнікоў

Прынамсі, магілёўскія ручнікі вядомы з XVIII стагоддзя. Узніклі пад уплывам мануфактурнага ткацтва. Тэхніка ткання магілёўскіх ручнікоў браная і закладная. Яны мелі на канцах па 3-5 гарызантальных палос, аддзеленых адна ад адной гладка затканымі палоскамі, і аздабленне белымі (часам чырвонымі) карункамі з кутасамі. 3 аднаго краю ўздоўж усяго ручніка праходзіла суцэльная арнаментальная паласа, праз пэўныя прамежкі чаргаваліся вытканыя або вышытыя асобныя арнаментальныя матывы: чатырохвугольнік, ромб, крыжык, трохвугольнік, зорачка і іншыя фігуры.

Досыць вылікая калекцыя ручнікоў, больш за сто экзэмплялаў асноўнага фонду, захоўваецца ў Дрыбінскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Пераважную большасць складаюць вырабы пачатку дваццатага стагоддзя, прычым сабраныя яны з розных куткоў краіны — ад Паазер’я да паўночных рэгіёнаў. Пра гэта выразна сведцыць, у прыватнасці, каляровая гама гэтых прадметаў побыту.

— Паводле даследаванняў навукоўцаў-этнографаў, беларускія ручнікі, калі параўноўваць іх з рускімі ці ўкраінскімі, найбольш аўтэнтычныя, — расказвае старэйшы навуковы супрацоўнік музея Юлія Власава. — Спалучэнне белага палатна з чырвонымі ніткамі можна лічыць класічным, і яно характэрна менавіта для беларускіх ручнікоў. Калі, напрыклад, мы назіраем наяўнасць чорных нітак ва ўзорах, то хутчэй за ўсё гэты выраб да нас прыехаў з паўночных рэгіёнаў, з Палесся.

Пра сакральны сэнс узораў на руч-ніках, акуратна вышытых спрытнымі рукамі майстрыц, Юлія Уладзіміраўна можа расказаць шмат. Мова вышыўкі, не горш за словы, можа паведаць гісторыю беларускага народа. Яна адкрывае нам цэлы свет вобразаў, падзей, вераванняў і лёсаў многіх пакаленняў беларусаў. Менавіта таму ручнікі — адзін з найбольш цікавых феноменаў традыцыйнай беларускай культуры.

Ручнікі, а дакладней іх сімволіка, неслі шмат дадатковай інфармацыі як для ўладальніка, так і для аднавяскоўцаў. Што не ўзор, то сімвал. Усё, што занатавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў і гонар за чалавека і яго працу. Кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву. Беларускія ўзоры — вельмі яркія і каларытныя элементы, унікальныя сваім старажытным паходжаннем, а таксама арыгінальным выглядам. Іх прымяненне не губляе папулярнасці і да гэтага часу.

— Даследванні сведцаць, — звяртае ўвагу суразмоўца, — што на ручніках няма сімвалаў, якія нясуць у сабе негатыў — боль, хваробу і гэтак далей. Продкі верылі ў сілу вобразаў, і адносі-ліся да іх трапятліва. Напрыклад, узор, які нагадвае крыж, сімвалізаваў чалавека, дзіцяці, разгалінаваны ромб і розныя яго варыянты — ураджай, урадлівасць, зямлю. Таксама, як і вышытая вінаградная лаза. Кветкі азначалі росквіт жыцця, пеўнікі — жыццё, пачатак новага працоўнага дня.

Птушкі, між іншым, асобная тэма даследванняў, кажа Юлія Власава. Напрыклад, жанчыны-ўдовы на ручніках часта вышывалі зязюлю, а ў вобразе сокала, як правіла, адлюстроўвалі каханага мужчыну. Галубы на ручніках ўвогуле маглі расказаць цэлую гісторыю кахання. Калі яны ішлі адзін за другім, гэта азначала пачатак кахання, узнікненне сімпатыі. Калі былі павернутыя адзін да другога, а паміж імі яшчэ і кветка — росквіт пачуццяў, ў розныя бакі — расстанне.

Што характэрна, ручнікі-ўціральнікі, прызначаныя для паўсядзённага выкарыстання, узораў не мелі, а часцей за ўсё ўяўлялі сабой кавалак шэрага даматканага палатна.

У калекцыі ручнікоў, што захоўваецца ў Дрыбінскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, прадстаўлены як класічныя экзэмпляры — старадаўнія, выкананыя па пэўных канонах, так і больш позняга перыяду. Для іх характэрна выкарыстанне рознакаляровых нітак, а замест зашыфраваных сімвалаў-ўзораў можна ўбачыць цэлыя сюжэты з жыцця, паўсядзённыя клопаты людзей, зразумелыя, адкрытыя вобразы. Адрозніваецца і сама тканіна, з якой рабілі больш познія ручнікі, тэхніка вышыўкі і аздаблення. Але яны, як слушна лічыць Юлія Власава, таксама частка нашай багатай гісторыі, вынік творчага плёну людзей, якія імкнуліся (і трэба адзначыць, зараз таксама імкнуцца!) захаваць сваю духоўную спадчыну і лепшыя традыцыі.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Последние новости

Общество

Ограничение на посещение лесов действует во всех районах Могилевской области

2 мая 2024
Общество

Гран-при и четырех Дипломов лауреата I степени удостоен образцовый хореографический ансамбль «Забава»

2 мая 2024
Сельское хозяйство

Заведующая МТФ «Трилесино» ОАО «Трилесино-агро» Татьяна Прудникова — лучший работник агропромышленного комплекса

2 мая 2024
Общество

Торжественно и весело встретили Первомай в Дрибине

2 мая 2024
Общество

Делегация Дрибинского района приняла участие в торжественной церемонии занесения передовиков на областную Доску почета в Могилеве

1 мая 2024
Официально

Руководство Дрибинского района поздравляет с Праздником труда

1 мая 2024
Президент

“Сегодня особенно важно укрепить наш общий дом”. Лукашенко поздравил белорусов с Первомаем

1 мая 2024
Сельское хозяйство

Вести с полей Дрибинского района на 30 апреля

30 апреля 2024
Общество

Беларусбанк оказал спонсорскую помощь ГУК «Дрибинская централизованная клубная система»

30 апреля 2024
Общество

В Дрибинском районе ведется уборка камней с полей сельхозпредприятий

30 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

Сегодня жители Дрибинского района плодотворно трудятся на главном субботнике страны

20 апреля 2024
Официально

Кадровые вопросы: председатель Могилевского облисполкома Анатолий Исаченко проводил на новые должности Александра Старовойтова и Светлану Нечай

26 апреля 2024
Общество

Изумрудную свадьбу отметили супруги Ефременко в Дрибинском отделе ЗАГСа

30 апреля 2024
Общество

«Жизнь пришлось строить заново». Житель Коровчино Александр Авчинников — о чернобыльской трагедии и любви к родной земле

26 апреля 2024
Официально

Председатель Могилевского облисполкома Анатолий Исаченко представил Олега Стельмашка в должности своего заместителя

23 апреля 2024
Официально

Итоги социально-экономического развития за первый квартал 2024 года обсудили на заседании Дрибинского райисполкома

19 апреля 2024
Общество

“Гремячая криница”. Природное наследие Дрибинщины

22 апреля 2024
Официально

Представители Дрибинского района 24 апреля отправятся на Всебелорусское народное собрание

23 апреля 2024