Пры Цемналескай бібліятэцы-філіяле быў адкрыты літаратурна-краязнаўчы музейны пакой вядомай паэтэсы Ніны Кавалёвай “Паэтычная зорка маленькай радзімы”



Пяць год таму назад, 21 сакавіка, пры Цемналескай бібліятэцы-філіяле быў адкрыты літаратурна-краязнаўчы музейны пакой вядомай паэтэсы Ніны Кавалёвай “Паэтычная зорка маленькай радзімы”. У літаратурным жыцці нашага края гэта сапраўды  важная падзея. Больш таго, стварэнне музейнага пакоя Ніны Кавалёвай і па сённяшні дзень застаецца адзіным унікальным вопытам у літаратурна-краязнаўчай дзейнасці бібліятэк Магілёўшчыны. Першы юбілей стаў добрай нагодай для святочнага мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую пятніцу ў Цемналескім сельскім клубе і сабрала разам аматараў творчасці  нашай таленавітай зямлячкі.
 Ніна Кавалёва — асоба сапраўды легендарная. Бучучы цяжка хворай, яна не губляе паэтычнага натхнення, і многія з яе вершаў пранізаны святлом, душэўнай цеплынёй і аптымізмам. Яна аўтар 24 вершаваных зборнікаў, больш за 30 яе твораў пакладзены на музыку. Нядаўна Горацкім раённым ваканаўчым камітэтам Ніне Дзмітрыеўне прысвоена ганаровае званне “Чалавек года -2018” у намінацыі “Грамадска-палітычная дзейнасць”. Нездарма, музейны пакой паэтэсы атрымаў шырокую славу і сярод яе прыхільнікаў, і ўвогуле сярод аматараў паэтычнага слова з усёй Беларусі і нават замежжа.  Праект па яго стварэнні стаў пераможцам на 22 рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”  ў намінацыі “ Інавацыі ў бібліятэчнай справе”. Як было адзначана падчас сустрэчы , работа музейнага пакоя шырока папулярызуецца, у тым ліку праз інтэрнэт. Кожны год музейны пакой ў сярэднім наведвае 750 чалавек. За час яго існавання колькасць экспанатаў павялічылася да 1500 адзінак. Гэта ў асноўным асабістыя рэчы Ніны Дзмітрыеўны з розных перыядаў яе жыцця, шмат твораў і фотаздымкаў.  Дзякуючы багатай экспазіцыі, удалося стварыць паўнавартасную базу дадзеных пра жыццё і творчасць  паэтэсы.
 На святочнае мерапрыемства завіталі вучні і настаўнікі Цемналескай базавай школы, мясцовыя жыхары, супрацоўнікі Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі, а таксама  госці з Горацкага раёна.  Сярод іх кіраўнік народнага аб’яднання “Роднае слова”, што дзейнічае пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, Людміла Дзеружкова, нашы землякі, члены “Роднага слова”  Святлана Цярэшка, у мінулым медыцынскі работнік, Святлана Ластачкіна, дацэнт кафедры кадастра і зямельнага права Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дацэнт сельскагаспадарчых навук, Людміла Краўцова, спецыяліст Горацкага РЦСАН, таксама калега Ніны Дзмітрыеўны па пяру Аляксандр Ведзянееў і іншыя. Гэтыя людзі не толькі добра ведаюць творчасць паэтэсы, але і падтрымліваюць стасункі з Нінай Дзмітрыеўнай. Кожнаму з іх падчас свята было што расказаць і прыгадаць. Не абышлося і без прыемных падарункаў. У выкананні вакальнага калектыву “Сузор’е” дзяржаўнай установы “Горацкі РЦСАН” прагучалі песні Ніны Кавалёвай. 
 Бібліятэкар Цемналескай бібліятэкі-філіяла Алена Шэвардова разам са сваімі калегамі і супрацоўнікамі культуры пастараліся зрабіць гэтую творчую сустрэчу насычанай, як мага больш пазнавальнай  і душэўнай. Парадавалі сваім выступленнем і мясцовыя артысты, удзельнікі народнага ансамбля “Журавінка”. Шмат гучала вершаў, у тым ліку ў выкананні юных краязнаўцаў клуба “Спадчына”, што дзейнічае пры Цемналескай бібліятэцы-філіяле. Цікава было паслухаць гісторыю стварэння і творы з новага зборніка паэтэсы “Як купалі ў купелі”. На свяце сваё пачэснае месца заняла выстава творчасці нашай зямлячкі. Госці мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі аб наведванні музейнага пакоя,  выказалі падзяку і найлепшыя пажаданні.
 У Ніны Кавалёвай наперадзе яшчэ шмат творчых ідэй, а ў планах Цемналескай бібліятэкі  і літаратурна-музейнанага пакоя —  цікавых праектаў. 
 Ірына ЦЯЦЕРЫНА
