Темы

«Ад светлых і чыстых думак нараджаюцца вершы». У творах паэтэсы Дзіны Рамадзінай адлюстраваны хараство і непаўторнасць беларускай мовы

«Ад светлых і чыстых думак нараджаюцца вершы». У творах паэтэсы Дзіны Рамадзінай адлюстраваны хараство і непаўторнасць беларускай мовы

21 лютага — Дзень роднай мовы.

Родная мова —  гэта не проста сродак зносін між людзьмі адной нацыянальнасці. Гэта адметная каштоўнасць, якая на працягу свайго шматвяковага фарміравання, станаўлення ўвабрала ў сябе душу народа, асаблівасці яго светапогляду і характару. Беларускую мову часта называюць напеўнай і меладычнай. І не толькі носьбіты, але і тыя, хто чуе яе ўпершыню. Асабліва выразна гэта ціхая і празрыстая мелодыя гучыць у вершаваных радках, напісаных па-беларуску. Майстры паэтычнага слова, пісьменнікі ўвогуле, умела выкарыстоўваючы прыгажосць і багацце роднай мовы, уносяць свой творчы ўклад у развіццё і захаванне духоўнай спадчыны народа.

Менавіта такія, таленавітыя, адданыя роднай зямлі, людзі жывуць і ў нашым раёне. Сярод іх Дзіна Рамадзіна, мясцовая паэтэса і пісьменніца, чыя творы, якой бы тэме яны ні былі прысвечаны, перш за ўсё праслаўляюць хараство мілагучнага роднага слова.

Гераіні матэрыялу, мусіць, наканавана было лёсам пісаць вершы. Нарадзілася яна ў вёсцы з цікавай назвай  Янка Купала, што ў  Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці — як кажа сама паэтэса, у цудоўнай мясціне на беразе ракі Пціч. І хоць у дзяцінстве марыла стаць урачом, нават сур’ёзна рыхтавалася да будучых уступных экзаменаў, моцны ўплыў на выбар будучай прафесіі аказала творчае захапленне.

— Якраз тады, у школьным узросце, я і пачала пісаць вершы, — расказвае Дзіна Вадзімаўна. —  У нашай сям’і заўсёды шанавалі і цанілі кнігі. А паўплывалі на мае першыя спробы пяра любімыя паэты —  Якуб Колас і Пімен Панчанка. У сёмым класе зачытвалася «Новай зямлёй», асабліва пейзажнымі замалёўкамі. Вельмі ж блізкімі былі тыя замалёўкі майму сэрцу, асабліва ўрывак пра баравікі. Тады ж, у сёмым класе, я «дарасла» да вершаў Міхаіла Аўрамавіча Казакова — ураджэнца вёскі Халіпы, у якой мы жылі і дзе зараз працягвае жыць мая матуля. Сюды, у Дрыбінскі раён, наша сям’я пераехала ў 1991 годзе. Помню, шмат разоў перачытвала яго зборнік «Святло бяроз». Потым паспрабавала пісаць сама. І нават адважылася тры вершы даслаць у рэдакцыю часопіса «Алеся». Для сябе загадала: калі надрукуюць хоць адзін верш, буду паступаць на філалагічны факультэт БДУ, у іншым выпадку падумаю пасля…

Усё склалася найлепшым чынам. Вершы дзяўчыны былі надрукаваны ўжо ў  наступным нумары вядомага часопіса. А пасля заканчэння Горацкага педвучылішча Дзіна Рамадзіна паспяхова паступіла на філалагічны факультэт БДУ.

— Самае адметнае, што мне ўсюды сустракаліся людзі, улюбёныя ў родную мову, зацікаўленыя ў захаванні скарбаў нацыянальнай культуры, — кажа  мая суразмоўца. — У педвучылішчы лёс звёў мяне з Марыяй Ісакаўнай Новікавай —  выкладчыцай гісторыі і этнаграфіі. Яна параіла сабраць і запісаць казкі і легенды, што былі своеасаблівай культурнай спадчынай нашага роду. Што я і зрабіла, а пасля, у час работы ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі, паклала іх на вершаваную мову. Пашанцавала мне і ва ўніверсітэце. Сярод выкладчыкаў я сустрэла зямлячку, продкі якой былі з вёскі Цёмны Лес, — Рыму Мадэстаўну Кавалёву. Пад яе кіраўніцтвам пісала студэнцкія навуковыя працы, ад яе мела шмат добрых парад. Чалавек крыштальнага сумлення, яна аднойчы сказала мне словы, якія я запомніла на ўсё жыццё: «Ад светлых і чыстых думак нараджаюцца вершы, ад чорных — брыдкаслоўе і зайздрослівыя плёткі пра тых, хто, дзякуючы свайму таленту, розуму і працавітасці, дасягнуў чагосьці больш значнага ў жыцці, чым зайздросны пляткар. Што б ні здарылася, старайся, каб суцяшэннем у любых абставінах былі складзеныя табою добрыя, душэўныя вершы».

Так склаліся жыццёвыя абставіны, што с цягам часу Дзіна Вадзімаўна набыла прафесію бухгалтара і зараз працуе намеснікам галоўнага бухгалтара ў Дрыбінскім УКП «Жылкамгас».

На пытанне, як удаецца сумяшчаць працу і творчасць, паэтэса адказвае:

— Яны па-свойму дапаўняюць адна адну. Мой занятак для душы дае сілы, каб працаваць плённа і самааддана.

Што да зборнікаў вершаў, то, па словах гераіні матэрыялу, яна не ставіла мэты іх друкаваць. Пісала хутчэй для душы, для сябе і сваіх блізкіх. Хаця на некалькі тэматычных зборнікаў матэрыял набярэцца. Некаторыя вершы, дзякуючы супрацоўнікам раённай бібліятэкі, аформлены ў міні-зборнікі «Нас малая радзіма вітае» і «З любоўю да роднага краю», а таксама зборнік для дзяцей «Гісторыі для Алёшкі», які быў напісаны калісьці для маленькага пляменніка. — Што для мяне беларуская мова? — разважае Дзіна Рамадзіна. —Гэта аснова нацыі, частка яе культурнай свядомасці. Толькі праз мову мы адчуваем еднасць са сваімі продкамі, іх багатай гісторыяй і традыцыямі. Абыякавыя, а тым больш пагардлівыя адносіны да сваёй мовы, як вынік, маюць адпаведныя адносіны да саміх людзей з боку іншых народаў. Бо ці варта цябе паважаць, калі ты так ставішся да самага святога, што табе дадзена, — да роднай мовы. Народ жывы, пакуль жывая яго мова.

Родная мова

Родная мова, любімая мова,
Ты і народу, і роду основа.
Першыя словы яе мы пачулі 
У калыханках нашай матулі.
Колькі ўмясціць пяшчоты змагла
Песня, што ціха над светам плыла:
– Люлі, люлі, люленькі, 
Прыляцелі гуленькі...
Казкі, легенды нам потым дарылі,
Быццам са скарбам куфэрак адкрылі.
З той невычэрпнай народнай крыніцы
Мы пазнавалі жыцця таямніцы:
Каля людзей прыжылася навечна
Белая птушка з душой чалавечай...
Нас зачароўвалі простыя словы, 
Свет у іх быў непаўторны і новы.
Колькі ж яны пакаленняў прайшлі,
Колькі стагоддзяў яны пражылі!
А ў юнацтве, бывала, да рання
Чулі мы шчырыя словы кахання.
І каля вогнішч юнацкіх луналі
Песні, што лёсы злучалі-ядналі:
«Гэта ты – мая, зорка ясная,
Ты – любоў мая непагасная»…
Светлы свой шлях наша мова прайшла:
У Княстве Літоўскім дзяржаўнай была,
А налятала чужынцаў навала –
Грозным, трывожным набатам гучала:
– Партызаны, партызаны, беларускія сыны!..
Песні спяваем мовай сваёю,
Чуючы еднасць з бацькоўскай зямлёю:
«Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы»...
Кожны з нас гэтую ісціну знае –
Жыў і народ, калі мова жывая.
Мова Купалы і мова Скарыны –
Як жа яе берагчы мы павінны!

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Фота Ігара АДЫЛОВА

Последние новости

Официально

13 июня будет проводить прямую телефонную линию Чигирь Дмитрий Павлович

10 июня 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 10 июня 2026 года: что обещают астрологи

10 июня 2026
Читать новость
Официально

Лукашенко высказался о глубокой реформе Верховного Суда и личных качествах его председателя

9 июня 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Пасынкование томатов в июне: как не упустить момент и не перегрузить куст

9 июня 2026
Читать новость
Общество

В стране принята и реализуется программа развития электротранспорта 

9 июня 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Артисты и мастера Дрибинского района приняли участие в XXIV Международном фестивале «Золотая пчелка»

9 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем