Навукова-даследчая работа па біялогіі вучня Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна прызнана адной з лепшых у вобласці

Дзень беларускай навукі штогод адзначаецца ў трэцюю нядзелю студзеня. Гэтае прафесійнае свята навукоўцаў, супрацоўнікаў навукова-даследчых інстытутаў было заснавана з той мэтай, каб адзначацыць вялікі ўклад навукі як важнейшай галіны дзейнасці ў развіццё нашай краіны.
Аднак шлях да грунтоўнай даследчай працы пачынаецца не з вялікіх сучасных лабараторый і ўстаноў вышэйшай адукацыі, не ў асяродку тытулованых прафесараў і акадэмікаў, а значна раней, яшчэ са школьнай парты, з цікавасці да асобных вучэбных дысцыплін, з прагі да новых ведаў і адкрыццяў. І гэта простая цікавасць, памножаная на працавітасць і мэтанакіраванасць, прыносіць зачастую высокія вынікі, якія і дэманструюць некаторыя настаўнікі і вучні нашага раёна ў сваёй даследчай дзейнасці.
Адно з апошніх дасягненняў у галіне даследчай дзейнасці належыць плённаму тандэму вучня 10 класа Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Уладзіміра Нікалаева і настаўніка біялогіі гэтай жа ўстановы Святланы Бяловай. Паставіўшы перад сабой мэту правесці маніторынг фіксацыі парніковых газаў ляснымі масівамі вёскі Белая, Уладзімір пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Святланы Дмітрыеўны змог правільна сабраць неабходны практычны матэрыял, падрыхтаваць сур’ёзную працу і паслядоўна абгрунтаваць яе навуковую каштоўнасць. У выніку юны даследчык стаў параможцам, уладальнікам Дыпломаў другой ступені, абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў 9-11 класаў па вучэбным прадмеце «Біялогія», а таксама абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (секцыя «Агульная экалогія») і зараз рыхтуецца прыняць удзел у заключных, рэспубліканскіх этапах гэтых жа конкурсаў.

Чым абумоўлена актуальнасць тэма дадзенага даследвання?
— Актуальнасць абумоўлена важнасцю вывучэння біяразнастайнасці, якасных і колькасных характарыстык лясных масіваў нашага раёна на прыкладзе лясоў у наваколлі вёскі Белая, — тлумачыць Святлана Дзмітрыеўна. — Лес, як вядома, аказвае значны ўплыў на клімат праз фотасінтэз. Расліны ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць вуглякіслы газ з атмасферы і пераўтвараюць яго ў арганічныя рэчывы з дапамогай сонечнай энергіі. Лясы з’яўляюцца вялізнымі вугляроднымі складамі, утрымліваючы значныя запасы вугляроду, які ў іншым выпадку мог бы аказацца ў атмасферы і ўзмацняць парніковы эфект. Таму адной з задач у працэсе падрыхтоўкі работы было зрабіць разлік сярэднегадавога дэпаніравання (захавання і назапашвання) дыяксіду вугляроду лясамі Дрыбінскага раёна.
Прасцей кажучы, з пункту гледжання экалогіі, праца каштоўная тым, што нагадвае нам пра беражлівыя адносіны да навакольнай прыроды, лясоў у прыватнасці, дзякуючы якім мы маем чыстае паветра.
— Праца яшчэ цікавая і таму, што яна маніторынгавая, дазваляе вывучаць праблему з родных бакоў, сістэмна, — працягвае педагог. — Працаваць над тэмай я пачала яшчэ пачынаючы з 2012 года з іншымі вучнямі, методыку вывучэння, дарэчы, мы не прыдумалі самі, нам яе прадаставілі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Уладзімір прадоўжыў даследванне, выкарыстоўваючы ў тым ліку атрыманыя сваімі папярэднікамі вынікі.
Малады чалавек па-сапраўднаму зацікавіўся тэмай — а гэта важная ўмова поспеху, звяртае ўвагу кіраўнік.
— Больш за ўсё мне спадабалася працаваць у лесе: закладваць пробныя пляцоўкі, праводзіць замеры — вызначаць узрост дрэў, іх стан і іншыя неабходныя параметры, — кажа Уладзімір, — наша даследванне мае выразнае практычнае значэнне і можа быць выкарыстана ў якасці нагляднага матэрыялу ў выхаваўчай рабоце па экалогіі і не толькі.
Што цікава, у працэсе даследчай працы выкарыстоўвалася мінімум абсталявання, прымяняліся звычайныя падручныя прылады, аднак гэта ніякім чынам не сказваецца на яе навуковасці і актуальнасці.
Святлана Дзмітрыеўна навукова-даследчай дзейнасцю разам з вучнямі займаецца ўжо больш за 12 год. За гэты перыяд як мінімум чатыры грунтоўныя працы — лічы, кожная трэцяя з іх — былі адзначаны прызавымі месцамі на рэспубліканскім узроўні, амаль усе астатнія станавіліся аднымі з лепшых у вобласці. Напрыклад, даследчая праца «Лакалізацыя нітратаў у гародніне. Спосабы іх вывядзення» ў свой час была прадстаўлена нават на міжнародным конкурсе ў Маскве.

Што да Уладзіміра Нікалаева, то навуковы кіраўнік высока ацэньвае яго шанцы на рэспубліцы.
— Уладзімір — гонар нашай школы, — кажа настаўніца. — Дзякуючы перамозе ў вобласці, ён атрымаў магчымасць паехаць на вучобу ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, які з’яўляецца своеасаблівай адукацыйнай і камунікацыйнай пляцоўкай, што аб’ядноўвае адораную моладзь і таленавітых выкладчыкаў.
Гэтай паездкі, прызнаўся юнак, ён чакае з нецярпеннем. А увогуле сярод школьных дысцыплін вучань аддае перавагу матэматыцы і марыць у будучым стаць інжынерам. Любы ж інжынерны праект патрабуе экалагічнага абгрунтавання, а значыць, атрыманы вопыт будучаму спецыялісту спатрэбіцца. «І ён абавязкова яшчэ сябе пакажа!» — упэўнена ў здольнасцях свайго таленавітага вучня Святлана Дзмітрыеўна.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА