Размаўляць і думаць па-беларуску вучыць дзяцей настаўніца Міхееўскай СШ Наталля Шаўчэнка

У першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства — галоўнае нацыянальнае свята, якое праслаўляе роднае слова, кнігадрукаванне і асвету. Праваднікамі гэтых найвялікшых каштоўнасцей у наша жыццё разам з навукоўцамі, пісьменнікамі, супрацоўнікамі бібліятэк з’яўляюцца, канешне ж, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
Навучыць можна таму, што сам ведаеш дасканала, што прыносіць асалоду і да чаго адносішся з павагай. Для настаўніцы Міхееўскай сярэдняй школы Наталлі Шаўчэнка беларуская мова — не проста школьны прадмет, які яна выкладае вучням, гэта неад’емная частка жыцця, як радзіма, сям’я і любімая справа.
— Я ўвогуле лічу сябе білінгвам, бо свабодна валодаю дзвюма мовамі. Па-беларуску, як і па-руску, не толькі чытаю і размаўляю ў паўсядзённым жыцці, але і думаю. Акрамя гэтага, цікаўлюся беларускім кінематографам, беларускай культурай, — расказвае Наталля Леанідаўна. — Сачу ў сацыяльных сетках за беларускамоўным кантэнтам — яго, дарэчы, апошнім часам стала больш, ведаю цікавых беларускамоўных блогераў, мне вельмі падабаецца адметны беларускі гумар. Мілагучнае роднае слова мне блізкае і зразумелае з самага дзяцінства, і я з ахвотай вучу дзяцей яго разумець, любіць і шанаваць.
За тры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці настаўніца выпрацавала ўласную формулу паспяховага навучання. Яна ўпэўнена: лепшая матывацыя да вучобы — цікавыя, займальныя ўрокі, а таксама неабыякавасць і заўзятасць настаўніка. Толькі захоплены сваёй справай чалавек здольны захапіць ёй іншых, лічыць суразмоўца, адзначаючы, што зацікавіць беларускай мовай вучняў у яе атрымваецца, дзякуючы перш за ўсё шчырасці ў адносінах да свайго прадмета, а ўсе эмоцыі на ўроках — сапраўдныя і жывыя. А таму высокія вынікі ў вучобе зусім не выпадковасць, а заканамерны рэзультат.
— Многія выпускнікі Міхееўскай сярэдняй школы кожны год свядома выбіраюць для здачы менавіта беларускую мову, — не хавае гонару Наталля Леанідаўна. — І паспяхова пацвярджаюць свае веды і школьныя адзнакі. Кожны год ёсць вучні, якія займаюць прызавыя месцы на алімпіядзе па беларускай мове. Многія актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах, прысвечаных тыдню беларускай мовы і літаратуры, Дню беларускага пісьменства, з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх творчых конкурсаў не толькі на раённым, але і абласным, рэспубліканскім і нават міжнародным узроўнях. Увогуле любую вартую ідэю дапамагаюць мне ажыццявіць.
Важнай асаблівасцю метадычнай работы Наталлі Шаўчэнка з’яўляецца арганізацыя пазакласных сустрэч са сваімі выхаванцамі. Разам яны ажыццяўляюць разнастайныя культурна-адукацыйныя праекты: праводзяць круглыя сталы, ладзяць выставы, конкурсы і іншыя мерапрыемствы. У цэнтры гэтай дзейнасці — вывучэнне народных традыцый і знаёмства з творчасцю класікаў беларускай літаратуры.
Пераступаючы парог класнага кабінета Наталлі Шаўчэнка, быццам трапляеш ў астравок беларускасці. Адукацыйнае асяроддзе, лічыць яна, мае вялікае значэнне ў засваенні ведаў, а таму тут створана зручная функцыянальная прастора, памяшканне аформлена з густам, ярка, прыбавна, па-сучаснаму і з творчай фантазіяй.
Творчасць увогуле другая натура гераіні матэрыялу. Шэраг твораў беларускіх класікаў, што ўключаны ў школьную праграму, Наталля Леанідаўна ведае на памяць. Але ў педагагічным асяродку нашага раёна яе паважаюць не толькі як выдатнага спецыяліста, але і майстра пранізаных глыбокімі пачуццямі вершаваных радкоў, у якіх раскрываецца ўсё хараство роднай мовы. Назбіралася ўжо добрая нізка вершаў, усміхаецца настаўніца, і пры жаданні можна было б надрукаваць уласны зборнік. Творчы талент дапамагае Наталлі Шаўчэнка выхоўваць новых творцаў і з ліку сваіх вучняў. Іх супольная праца прыносіць плён.
— Дзень беларускага пісьменства — яшчэ адна добрая і важкая нагода сказаць вучням, што беларуская мова — гэта не толькі старонкі падручнікаў, творы Янкі Купалы, Якуба Коласа ды іншых славутасцей зямлі беларускай, але і жывая плынь сучаснай думкі, мастацтва і навукі, да якой мы далучаемся менавіта дзякуючы роднай мове, — выказвае слушную думку мая суразмоўца. — У эпоху інтэрнэту і масавай культуры свята нагадвае пра ўнікальныя вытокі беларускага народа, працы Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай і іншых асветнікаў, якія фарміруюць наш культурны код.
СЛОВА Ў ПЕРАПЛЁЦЕ
З сівых стагоддзяў выплывае слова,
Што загадалі ўсім нам берагчы
І несці праз нягоды, як аснову,
Радзімічы, дрыгавічы і крывічы.
Яны садзілі лес, масцілі гаці,
З сяўнёю сустракалі светлы май,
Спявалі песні над калыскаю дзіцяці
Пра родную зямлю, пра мілы край.
Ішлі вякі — жыло святое слова,
І ў цішы келлі тоненькім пяром
Святая Еўфрасіння адмыслова
Пры свечцы перапісвала псалом.
Кірыла Златавуст прасіў у Бога
Заступства за зямлю і свой народ.
І з вуснаў красамоўна выляталі словы,
Спляталіся ў дзіўны карагод.
І кнігу для людзей усіх паспалітых
Падараваў зямлі той слаўны сын —
Францыск Скарына, палачанін знакаміты,
Ён першым быў, ды толькі не адзін.
Пятро Мсціславец, з Гусава Мікола,
Вядомыя сыны Радзімы дарагой,
Рабілі так, каб загучала слова
Ў пераплёце кніжным за мяжой.
І песні, казкі, што падараваны
Нам продкамі сівымі назаўжды,
Зліліся з песнямі і казкамі Купалы,
Нанова загучалі, паплылі.
«Мой родны кут, як ты мне мілы!» —
Гучаць, як песня, Коласа радкі
І падымаюць да нябёс на крылах,
І славяць край, нібыта жаўрукі.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара КОЛАБАВА