Темы

У Кароўчынскім Доме рамёстваў паспяхова захоўваюць і развіваюць самабытныя традыцыі ткацтва

У Кароўчынскім Доме рамёстваў паспяхова захоўваюць і развіваюць самабытныя традыцыі ткацтва

У рамках праекта «Кожную пятніцу — роднае, сваё» на гэты раз мы завіталі ў Кароўчынскі Дом рамёстваў. Мясцовыя майстры ўносяць вялікі ўклад у захаванне нацыянальнай спадчыны і развіццё народых традыцый, кожны напрамак іх дзейнасці — гэта самабытная творчасць, якая нябачнымі ніткамі звязвае нас з гісторыяй, культурай, светапоглядам і побытам нашых продкаў.  Сёння пагаворым пра ткацтва — адно са старадаўніх рамёстваў у Беларусі.

— Нашы супрацоўнікі асвоілі тры віды ткацтва, — расказвае загадчык Дома рамёстваў у Кароўчына Таццяна Сіроціна. — Па-першае, гэта ткацтва дарожак. У пасляваенны час палавікі, зробленыя ў гэтай тэхніцы (дзесьці іх называюць «ходнікі»), былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі ў розных яе рэгіёнах. Другі від — гэта бранае ткацтва на бярдо паясоў, якія доўгі час былі абязковым элементам традыцыйнага беларускага строю. Трэці — ткацтва ручнікоў. У нас досыць багатая іх калекцыя.

Самае пачэснае месца ў Доме рамёстваў займае ткацкі станок. Як патлумачыла Таццяна Уладзіміраўна, ён уяўляе сабой паменьшаную версію так званых кроснаў, якія калісьці ў мінулыя часы можна было ўбачыць у кожнай вясковай хаце, і яны займалі добрую частку пакоя. На гэтым прыстасаванні кароўчынскія майстры ткуць ручнікі і дарожкі. Апошнія, вытканыя з тэкстыльных ласкуткоў і нітак, між іншым, карыстаюцца асаблівым попытам у аматараў самабытнай творчасці. Яны і сёння здольны ўпрыгожыць інтэр’ер любога жылля.   

Што да паясоў, то яны не толькі выконваюць дэкаратыўную функцыю, а маюць таксама і практычнае выкарыстанне.
— Мы атрымалі сур’ёзны заказ на паясы ад мастацкага калектыву з Магілёва для аздаблення традыцыйных сцэнічных касцюмаў, — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — Дарэчы, многія цікавяцца нашымі вырабамі на выставах. Набывала іх нават моладзь, бо ў сучаснай модзе тканым паясам таксама ёсць месца, некаторыя мадэлі можна ўдала спалучаць нават з джынсамі.
Таццяна Сіроціна звяртае ўвагу: калі для вышыўкі ручнікоў выкарыстоўваюць у асноўным чырвоны, белы, месцамі зялёны колеры, то колеравая гама паясоў досыць стракатая. Суразмоўца прыводзіць цікавыя звесткі: калісьці ткацтвам паясоў займаліся выключна мужчыны, яны былі патрэбны ў першую чаргу для таго, каб падпярэзаць кажухі — так усё ж зручней было хадзіць і цяплей у сцюжу. З цягам часу гэты занятак перайшоў да жанчын, і самі паясы пачалі мець сімвалічнае значэнне. Напрыклад, дзяўчыне нельга было выйсці з хаты без пояса.
Майстэрствам стварэння гэтага элемента адзення паспяхова авалодалі і юныя жыхары Кароўчына, якія займаюцца ў гуртку «Лапаточак». Дзеці, напрыклад, добра ведаюць, што такое «ўток», «зеў» — паняцці, якія адлюстроўваюць працэс ткацтва паясоў, а самае галоўнае, самі ўмеюць спрытна пераплятаць ніткі, выкарыстоўваючы спецыяльнае для гэтага прыстасаванне — бярдо.

— Дарожкі і паясы часта выкарыстоўваюцца намі ў гульнёвых момантах з дзецьмі, для афармлення выстаў, ткацтва дарожак і паясоў мы дэманструем на выязных мерапрыемствах, — адзначае загадчык Дома рамёстваў. — Ахвотна дзелімся сваім майстэрствам з іншымі, але і самі імкнемся ўдасканальваць свае навыкі, развівацца, авалодаць на практыцы новымі ведамі. У творчай дзейнасці без гэтага нельга.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Фота Ігара КОЛАБАВА

Последние новости

Общество

Гороскоп на 8 сентября 2026 года: что обещают астрологи

8 сентября 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Где нельзя сушить белье жильцам многоэтажек – за это грозит до 225 рублей штрафа

7 сентября 2026
Читать новость
Президент

«Работает неплохо». Александр Лукашенко оценил деятельность белорусского парламента

7 сентября 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Как повысить мотивацию ребёнка к учёбе без скандалов и давления, рассказала психолог

7 сентября 2026
Читать новость
Проиcшествия

ГАИ Могилевщины за выходные выявила 796 нарушений ПДД

7 сентября 2026
Читать новость
День белорусской письменности

Творческие площадки Дрибинского района получили высокую оценку на Дне белорусской письменности

7 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем