Як акцыя «Слова тыдня» стымулюе інтарэс да вывучэння беларускай мовы, даведаліся ў Дрыбінскім дзіцячым садзе №2

З першага кастрычніка ў дзіцячых садах Беларусі рэалізуецца акцыя «Слова тыдня», накіраваная на знаёмства юных жыхароў нашай краіны з беларускай мовай і ўзбагачэнне іх слоўнікавага запасу. Ініцыятыву падтрымалі і ва ўстановах адукацыі Дрыбінскага раёна.
Грунтоўна і творча падышлі да вывучэння беларускамоўных слоў у Дрыбінскім дзіцячым садзе №2.
—Праект «Слова тыдня» дапамагае дзецям адчуць прыгажосць і мілагучнасць роднай беларускай мовы, — адзначае намеснік загадчыка ўстановы па асноўнай дзейнасці Ірына Краўцова. — Ён рэалізуецца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі (адукацыйныя галіны «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін», «Мастацкая літаратура») і накіраваны на тое, каб захаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну і прабудзіць у дзетках устойлівы інтарэс да роднага слова.
Як жа гэта праца праводзіцца на практыцы? Ірына Мікалаеўна расказвае, што згодна з тэматычным планаваннем для вывучэння абраны шэраг беларускамоўных слоў, з якімі дзеці — ад самых маленькіх выхаванцаў да будучых выпускнікоў — паслядоўна знаёмяцца на працягу ўсяго тыдня: кожны новы тыдзень — новае слова.
Што мае на ўвазе знаёмства? Дзеці даведваюцца, што азначае тое ці іншае слова, як правільна вымаўляецца, дзе і як выкарыстоўваецца. Каб веды былі трывалымі, а дзецям было цікава, прадугледжаны розныя формы працы.
—Лепшаму засваенню матэрыялу садзейнічаюць гутаркі, назіранні, гульні, у тым ліку дыдактычныя, з выкарыстаннем народных традыцый і і ншыя, — прыводзіць прыклад Ірына Краўцова. — Калі вывучаемае слова азначае канкрэтную рэч альбо прадмет, малым карысна яго разгледзець і памацаць. Тактыльны і візуальны кантакт (нагляднасць) значна паскарае запамінанне новых слоў. На працягу тыдня дзецям таксама чытаюць мастацкія творы, дзе сустракаецца патрэбнае слова, такім чынам, дашкольнікі не толькі пашыраюць свой лексічны запас, але і знаёмяцца з творчасцю беларускіх аўтараў. А замацаваць атрыманыя веды дапамагаюць малюнкі, аплікацыі, інсцэніроўкі — адным словам, розныя творчыя заданні, якія дзеці вывонваюць самастойна пад кіраўніцтвам сваіх выхавальнікаў.
Ірына Мікалаеўна дэманструе варыянт нагляднага матэрыялу — яркія, маляўнічыя карткі з беларускімі словамі, якія так і просяцца самі ў рукі. Цікаўныя выхаванцы з задавальненнем разглядаюць малюнкі, старанна паўтараючы за дарослымі такое блізкае і роднае: «прас», «вавёрка», «лыжка», «бусел», «матуля»… У асобных групах практыкуецца «Моўны ланцужок» — дзеці кідаюць у спецыяльную скрыначку словы, якія ўжо прайшлі. Пройдзе час, і, трэба спадзявацца, мілагучная і багатая беларуская мова стане для іх не проста часткай гісторыі і культуры свайго народа, а жывым сродкам зносін.
—Насамрэч у дашкольных установах дастаткова ўдзяляецца ўвагі вывучэнню беларускай мовы, — кажа суразмоўца. — Кожны чацвер афіцыйна праводзіцца беларускамоўны дзень. Гэта агульнапрынятая педагагічная практыка, накіраваная на папулярызацыю роднай мовы і культуры сярод дашкольнікаў. Выхавальнікі, супрацоўнікі садка і дзеці стараюцца размаўляць па-беларуску ў паўсядзённых сітуацыях — ад ранішняга прывітання да прагулкі. Акцыя «Слова тыдня», дапаўняе гэту шматгранную працу.
Чаму яна такая важная ў дашкольным узросце? Калі дзіця чуе прыгожую беларускую мову, яно не проста пазнае новыя словы — яно развівае маўленне, пашырае кругагляд, вучыцца адчуваць эмацыйныя адценні і ганарыцца такой нацыянальная адметнасцю, як мова. А пакуль кожнае новае слова становіцца для дзіцяці маленькім адкрыццём!
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара КОЛАБАВА