Саракі прыляцелі! У Кароўчына штогод разам з вучнымі адзначаюць любімае народнае свята

Сёння, 22 сакавіка, беларусы адзначаюць Саракі. Паводле царкоўнага календара, гэта дзень памяці сарака воінаў Севасційскіх, якія прынялі мукі за веру ў Хрыста. У народзе ж сімвалам свята з’яўляліся жаваранкі — прадвеснікі вясны, лічылася, што 22 сакавіка з цёплых краёў прыляталі 40 відаў птушак. Казалі таксама, што на Саракі дзень з ноччу сустракаюцца.
Каму калісьці прыйшло ў галаву спалучыць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер ужо не дазнацца. Тым не менш людзі ўдала спалучылі ў сваёй свядомасці святкаванне веснавага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі.
З даўніх часоў усталяваліся адмысловыя традыцыі святкавання Саракоў. Напрыкад, у гэты дзень было прынята выпякаць з цеста жаваранкаў, гукаць-зазываць вясну… Печаныя фігуркі птушак раздавалі дзецям, сваякам, суседзям. Было прынята падкідаць іх у гару, сочачы за тым, каб “птушачка” падлятала як найвышэй. Так варажылі на здароў’е. Чым вышэй птушка падляціць, тым здаравейшы будзеш напрацягу года.
Добрыя звычаі захоўваюць і на дрыбінская зямлі, асабліва прыжыліся яны ў Кароўчынскім Доме рамёстваў. Штогод супрацаўнікі ўстановы ў дзень свята прыходзяць у госці да вучняў мясцовай школы, каб расказаць ім пра багатыя народныя традыцыі, прывіць цікавасць да культурнай спадчыны нашых продкаў. І сёлетні год не стаў выключэннем.
Мерапрыемства заўсёды праходзіць весела, суправаджаецца абрадавымі гульнямі, забавамі, не абыходзіцца і без традыцыйных смачных пачастункаў, якія майстры Дома рамёстваў рыхтуюць самі. Абавязкова падчас сустрэчы праводзяць з дзецьмі майстар-класы па саломапляценні.
Школьнікі кожны раз з нецярпеннем чакаюць гэтай святочнай дзеі і з задавальненнем прымаюць у ёй актыўны ўдзел.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА