Жыхары Магілёўшчыны сталі часцей звяртацца ў інстанцыі

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік сказаў, што звароты грамадзян — тэма заўсёды актуальная, але асабліва цяпер, калі Магілёўская вобласць рыхтуецца прымаць “Дажынкі-2012” і, як і ўся краіна, ідзе да парламенцкіх выбараў.
— Кожны грамадзянін, які звярнуўся да ўладаў, павінен разлічваць на рэальную дапамогу, — так сказаў кіраўнік вобласці аб працы з людзьмі і ўважлівым стаўленні да іх.
За першае паўгоддзе ў аблвыканкам паступіла 1856 зваротаў, і гэта значна болей за падобны леташні паказчык. Ад грамадзян зваротаў паступіла болей на 28%, а ад юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў — на 35%. Павялічыўся і рост калектыўных зваротаў, якім надаецца самая вялікая ўвага.
Вядома, пры гэтым трэба ўлічыць грамадскую актыўнасць людзей напярэдадні выбараў і хуткае развіццё магчымасцяў электронных зваротаў, але ўсё ж у аблвыканкаме адкрыта гавораць пра чыноўніцкую валакіту.
Традыцыйна большасць запытаў і скаргаў датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але сёлета да актуальных тэм дадаліся пытанні жыллёвай палітыкі і працы будаўнічых арганізацый. Яшчэ год таму ў спісе актуальных пытанняў былі заробкі, арганізацыя гандлю, работа прамысловых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. Аднак цяпер, з паляпшэннем эканамічнай сітуацыі, іх колькасць паменшылася.
Затое пытанняў па будаўніцтве жылля стала ў тры разы болей. Зваротаў па якасці жылля і недаробках няшмат, а асноўная частка звязана са зменамі ў жыллёвай палітыцы дзяржавы і крэдытаванні жыллёвага будаўніцтва. Людзей таксама турбуюць тэрміны будаўніцтва, якія парушаюцца, і кошт квадратнага метра новага жылля.
Істотны рост зваротаў абумовілі найперш жыхары абласнога цэнтра. Напрыклад, у Магілёве востра стаяць праблемы капітальнага рамонту старых жылых дамоў. У гарвыканкаме тлумачаць, што грошай нестае, таму работы зацягваюцца, а недзе і ўвогуле згортваюцца. Праграма адсялення людзей з трухлявага жылля таксама пад пагрозай: са 155 сем’яў, якія сёлета павінны пераехаць на новыя кватэры, перасяліліся толькі 25. І гэта ўсё выклікае паток скаргаў да ўладаў, разам з настойлівымі просьбамі гараджан неадкладна заняцца добраўпарадкаваннем і рамонтам дарог у абласным цэнтры.
Начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Мікалай Асіпенка адзначыў, што не заўсёды дакладна ў тэрмін выконваюцца абяцанні, дадзеныя заяўнікам. Ён лічыць, што з жыхарамі дамоў у Магілёве, дзе павінен рабіцца капітальны рамонт, неабходна сустрэцца, папрасіць прабачэння за сарваныя тэрміны і назваць рэальныя даты, калі работы завершацца, а месцамі яшчэ толькі пачнуцца.
Дарэчы, Магілёўскі гарвыканкам у першы тыдзень верасня плануе разабрацца з праблемай капітальнага рамонту на спецыяльным пасяджэнні. У Бабруйскім гарвыканкаме на падобным пасяджэнні павінны разглядзець звароты грамадзян у сувязі з праблемамі ў будаўніцтве новага жылля ў горадзе.
Таксама, паводле спецыялістаў па зваротах грамадзян, на пярэдні план па колькасці зваротаў вылучаецца праблема водазабеспячэння вёсак, асабліва ў Магілёўскім раёне. Якасць пітной вады, стан калодзежаў, будаўніцтва водаправодаў — гэта сёння вельмі турбуе сялян. Санітарных урачоў у сувязі з гэтым папрасілі аператыўна ацэньваць якасць вады, а мясцовыя ўлады — складаць рэальныя планы па водаправодных сетках і паведамляць пра іх людзям, тлумачыць — дзе і калі будуць весціся работы.
У аблвыканкаме лічаць, што праца са зваротамі грамадзян павінна быць штодзённай, але напярэдадні важных падзей у жыцці рэгіёна і краіны Мікалай Асіпенка прапанаваў кіраўнікам гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў рабіць прыёмы людзей штотыднёва.
Пётр Руднік згодны, што статыстыка зваротаў грамадзян за паўгоддзе патрабуе рашучых дзеянняў. І не проста пакарання тых, хто без належнай адказнасці паставіўся да вырашэння праблем людзей. Заяўнікам ад пакарання вінаватых лягчэй не становіцца: хіба толькі крышачку, у маральным плане. Людзям трэба не проста адказваць, але дапамагаць. Нездарма старшыня аблвыканкама выкарыстаў вядомую фразу Кастуся Каліноўскага:
— Не народ для ўрада, а ўрад для народа! — нагадаў Пётр Руднік. — Толькі гэта было сказана ў ХІХ стагоддзі, а мы ўжо жывём у ХХІ. Таму метады працы ў нас павінны быць сённяшнія, сучасныя. Будзем працаваць з людзьмі.
Ілона Іванова, газета “Звязда”