“Быць грамадзянінам Беларусі — ганарова…”

11 сакавіка ў нашай краіне стартавала ўсебеларуская акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Мы — грамадзяне Беларусі”.
У рамках акцыі напярэдадні Дня Канстытуцыі, учора, 13 сакавіка, у Дрыбінскай сярэдняй школе адбылося святочнае мерапрыемства. Падчас урачыстасці восем вучняў раёна, якім споўнілася 14 год, атрымалі пашпарты. Першы важны дакумент грамадзяніна нашай краіны маладым людзям уручыў старшыня Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў Рыгор Басякоў. Звяртаючыся да моладзі, Рыгор Мікалаевіч адзначыў:
— Я шчыра рады, што сёння мне выпаў гонар уручыць вам пашпарты. Жадаю вам, каб вы былі годнымі грамадзянамі нашай рэспублікі. Каб веды, якія вы атрымаеце ў школе і падчас далейшай вучобы ў іншых навучальных установах былі выкарыстаны толькі ў добрых справах на карысць нашай краіны.
На свяце прысутнічалі госці, якія таксама далучыліся да віншаванняў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Марына Сакалова ўручыла юнакам і дзяўчатам, якія сталі галоўнымі героямі мерапрыемства, памятныя падарункі ад грамадскага аб’яднання. Павітаў маладых людзей першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Арцём Шаўкуноў. Лідар моладзі прыйшоў на свята таксама з падарункамі для вучняў, якія ў гэты дзень сталі паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. З прывітальнымі словамі і найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да прысутных ў зале старшыня раённага Савета ветэранаў Віктар Гушча.
Падчас мерапрыемства працавала тэматычная выстава, для маладых людзей быў прадэманстраваны відэафільм пра гісторыю стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а работнікі раённага Цэнтра культуры і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі для гасцей свята канцэртную праграму.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА